Галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук напісаў, што рэдакцыі не ўдалося дамовіцца зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі пра друк і распаўсюд у 2021 годзе.
«Тое, што тычыцца падрыхтоўкі папяровай вэрсіі газэты да друку, мы, безумоўна, зробім. Але паміж рэдакцыяй і чытачамі ёсьць некалькі зьвёнаў аднаго ланцуга. Перш за ўсё — друкарня і пошта. Кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў сёньня, мякка кажучы, ня вельмі зацікаўлены ў тым, каб вы атрымлівалі „БГ“, як і раней».
Берасьцейская друкарня адмовілася працягваць дамову з «Брестской газетой».
Віктар Марчук паведаміў, што варыянтаў, дзе рэдакцыя магла б «друкаваць „БГ“, не асьцерагаючыся, што з намі не правядуць такі самы трук, няма».
Раней у Беларусі перасталі друкаваць «Народную волю», «Комсомольскую правду в Беларуси», «СН+». «Народная воля» друкавалася нейкі час пад Масквой, але друкарня разарвала зь ёю дамову, і газэта часова прыпыніла выхад на паперы. Прынамсі на паўгода спыніўся выхад «Газеты Слонімскай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 1 студзеня «Брестской газете» адмовілі ў паслугах друкарні