Беларуская ІТ-кампанія з санкцыйнага сьпісу абскардзіць рашэньне Рады Эўразьвязу

Парк высокіх тэхналёгій

Рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій кампанія Synesis абскардзіць уключэньне ў сьпіс санкцыйных арганізацый Эўрапейсккага зьвязу, зацьверджаны 17 сьнежня.

Напярэдадні Рада Эўразьвязу прыняла трэці пакет санкцый у дачыненьні да беларускіх уладаў і бізнэсу. Туды ўвайшлі некалькі буйных кампаній, у тым ліку і Synesis.

«Для ўключэньня кампаніі ў гэты сьпіс няма ніякіх юрыдычных або рацыянальных падставаў. Названая прычына глыбока памылковая і грунтуецца на няправільным разуменьні функцыянаваньня тэхналёгій распазнаньня твараў. Synesis рашуча адхіляе памылковую думку аб тым, што тэхналёгія можа выкарыстоўвацца ўрадам Беларусі для ідэнтыфікацыі пратэстоўцаў», — гаворыцца ў звароце на сайце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два бізнэсоўцы і кампаніі ВПК: хто трапіў пад чарговыя санкцыі і што гэта за кампаніі

Кіраўніцтва кампаніі падкрэсьлівае, што тэхналёгія распазнаньня твараў ня можа выкарыстоўвацца для вызначэньня ўдзельнікаў антыўрадавых пратэстаў ці дзеячаў апазыцыі. Плятформа Kipod прызначана для выяўленьня загадзя ідэнтыфікаваных асобаў, загружаных у базу дадзеных злачынцаў, зьніклых бязь вестак і г. д., але ня здольная ідэнтыфікаваць людзей па запісах.

Synesis ніколі не атрымлівала платы ад Міністэрства ўнутраных спраў ці іншых праваахоўных органаў, гаворыцца ў заяве. Любому эўрапейскаму ўраду прапанавана правесьці вонкавы аўдыт паслуг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Санкцыі толькі збліжаюць нас з Расеяй», — былы беларускі дыплямат

У найбліжэйшы час Synesis зьбіраецца афіцыйна абскардзіць рашэньне Рады Эўразьвязу.

Група кампаній Synesis заснаваная ў 2007 годзе ў Менску і распрацоўвае сыстэмы кантролю, мэсэнджары і онлайн-гульні.