У ЗША 38 штатаў падалі сумесны антыманапольны пазоў супраць Google

Адразу 38 штатаў падалі 17 сьнежня супольны антыманапольны пазоў супраць кампаніі Google, абвінаваціўшы яе ў пашырэньні сваёй манаполіі на рынку пошукавых сайтаў за кошт.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі», адзначаючы, што гэта трэці па ліку пазоў супраць кампаніі, пададзены за апошнія месяцы.

Як гаворыцца ў паведамленьні Генэральнай пракуратуры Каларада, штаты хочуць далучыцца да фэдэральнага пазову супраць Google, які быў пададзены Міністэрствам юстыцыі ў кастрычніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзесяць амэрыканскіх штатаў абвінавацілі Google у парушэньні антыманапольнага заканадаўства і змове з Facebook

У фэдэральным пазове сьцьвярджаецца пра дамоўленасьці Google з вытворцамі тэлефонаў, у тым ліку з кампаніямі Apple і Samsung, каб зрабіць Google пошукавай сыстэмай стандартна. У Міністэрстве юстыцыі таксама лічаць, што Google выкарыстоўвае сваю апэрацыйную сыстэму Android для таго, каб прымусіць вытворцаў прылад папярэдне загружаць пошукавыя аплікацыі і іншыя прадукты, якія вырабляюцца кампаніяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэдэральная гандлёвая камісія ЗША запатрабавала ад Facebook прадаць Instagram і WhatsApp

16 сьнежня яшчэ адна група штатаў на чале з Тэхасам падала іншы пазоў супраць Google. Пазоўнікі сьцьвярджаюць, што Google робіць шкоду канкурэнтам, «уводзячы іх у зман дзеяньнямі» з выкарыстаньнем аплікацый для разьмяшчэньня кантэкставай рэклямы Google Ads.

Паводле зьвестак CNET, на Google прыпадае каля 90% пошукавага трафіку ў ЗША, што дазваляе кампаніі зарабляць штогод амаль 160 мільярдаў даляраў.