Паводле адвакаткі, Натальля трымаецца бадзёра, ведае, што праўда за ёй.
Натальля Хершэ ня будзе адмаўляцца ад грамадзянства Беларусі, паведаміў Свабодзе яе брат Генадзь. З такой прапановай зьвярнуўся яе партнэр, швайцарац Робэрт Штэгэлі.
Брат сустрэўся з Натальляй у СІЗА на Валадарскага 11 сьнежня ўпершыню за тры месяцы зьняволеньня. Сустрэча цягнулася каля гадзіны, размаўлялі праз шкло.
Ён сказаў, што Натальля выглядае добра, у яе выдатны настрой і высокі душэўны ўздым.
«Ліст Робэрта я прачытаў слова ў слова. Наташа ніколі не адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Яна ўсьведамляе, што аказалася закладніцай існага злачыннага рэжыму. Гатовая прайсьці свой шлях да канца з высока ўзьнятай галавой. Гэта яе кáрма. Ні пра што не шкадуе», — сказаў Генадзь.
У жодзінскай турме Натальля Хершэ правяла апошнія чацьвёра содняў разам са зьняволенай журналісткай Кацярынай Андрэевай. А пасьля перавялі на Валадарку.
«Іх 9 чалавек, зь якіх 4 палітычныя. Сярод іх Натальля Раентава — дзяўчына, якая ўкусіла сілавіка за нагу ў тралейбусе ў Менску. Вясёлая „рагатушка“, настрой усім падымае, — кажа Генадзь. — Натальля прыемна зьдзіўленая, што яе гісторыя атрымала такі шырокі розгалас і што яе імя цяпер ведае кожны неабыякавы беларус».
Паводле Генадзя, стаўленьне пэрсаналу турмы і ўмовы ўтрыманьня ў Натальлі цяпер лепшыя, чым у Жодзіне.
«Яна шмат малюе, пачала адвыкаць ад нямецкай, але, здаецца, у турэмнай бібліятэцы спэцыяльна для яе замовілі нямецкую літаратуру. Не галадае, а з нашымі перадачамі і пагатоў. Сьпіць нядрэнна, ня скардзіцца. Душ — раз у тыдзень, прагулянкі — два разы на 3 дні па гадзіне 15 хвілін. Прысуд сустрэла годна, да яго была гатовая. Перадавала ўсім прывітаньне. Верыць, што надоўга гэта не зацягнецца», — сказаў Генадзь.
У адным зь лістоў Натальля піша, што яе настрой, нягледзячы ні на што, выдатны.
«Усё будзе так, як мае быць. І ніяк інакш. Тое, што спачатку здаецца катастрофай, у выніку можа абярнуцца вялікім шанцам. Веру, так і ёсьць», — піша яна.
За кратамі Натальля малюе сукамэрніц. У студзені яе малюнкі будуць выстаўляцца ў Ліёне на выставе працаў зьняволеных.
«Усім намалявала партрэты, і сукамэрніцы з радасьцю паслалі іх дадому». — кажа Генадзь.
Савецкі раённы суд Менску прысудзіў два з паловай гады калёніі строгага рэжыму грамадзянцы Швайцарыі Натальлі Хершэ за ўжываньне гвалту да амапаўца на акцыі пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле крымінальнай справы, 19 верасьня Хершэ затрымалі на мітынгу. Падчас затрыманьня Натальля ня выканала патрабаваньня пайсьці ў спэцтранспарт і схапіла 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка за твар. Сарвала балаклаву, тым самым «сапсаваўшы форменнае абмундзіраваньне» і «нанёсшы цялесныя траўмы» ў выглядзе драпін. Матэрыяльная шкода за сапсаваньне балаклавы склала ўсяго 1 рубель.
51-гадовая Натальля Хершэ — ураджэнка Беларусі, зьехала ў Швайцарыю 12 гадоў таму. Там жывуць яе дзеці і грамадзянскі муж Робэрт. У верасьні яна прыехала ў Менск у адпачынак на 10 дзён і была затрыманая за два дні да вылету назад.
Натальля казала, што 19 верасьня на акцыі пратэсту ў Менску яна спалохалася таго, што яе затрымліваюць людзі з схаванымі тварамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спадзяюся ўбачыць яе раней. Можа быць, беларускі рэжым абрынецца». Інтэрвію з мужам зьняволенай грамадзянкі ШвайцарыіСпачатку Натальлі прысудзілі 15 дзён арышту, а потым завялі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 363 і ўзялі пад варту. Прысуд ёй вынесьлі 7 сьнежня, амаль праз тры месяцы пасьля затрыманьня.