17 сьнежня Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў супраць асобаў і арганізацыяў, датычных да гвалту супраць пратэстоўцаў. Як страйкоўцы паставіліся да таго, што ў сьпісе санкцыйных прадпрыемстваў няма «Беларуськалію», дзе значная частка страйкоўцаў была арыштаваная ды падпала пад звальненьне?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два бізнэсоўцы і кампаніі ВПК: хто трапіў пад чарговыя санкцыі і што гэта за кампанііПрацаўнік «Беларуськалію» Юры Корзун страйкуе ўжо больш за 3 месяцы. Юры патлумачыў, чаму не расчараваны рашэньнем Эўразьвязу не ўключаць «Беларуськалій» у сьпіс падсанкцыйных прадпрыемстваў.
«Іншага ад Эўразьвязу не чакаў. Зразумела, што ў дэмакратычных краінах усё ж думаюць пра тое, каб не нашкодзіць людзям. А калі ўвесьці санкцыі супраць „Беларуськалію“, дык пацярпяць ня толькі кіраўнікі, але і простыя рабочыя. А гэта амаль 16 тысяч чалавек. Раз яны на сёньня абралі іншы шлях — працаваць, дык такое і рашэньне Эўразьвязу. Людзей можна зразумець: некаторыя жывуць ад заробку да заробку, у сем’ях складанае становішча. Была б тут іншая сытуацыя з масавасьцю страйку, іншымі маглі б быць і санкцыі. Але наш страйк не спыняецца. Бачым, што да нас далучаюцца ўсё новыя людзі, і верым, што менавіта страйк прымусіць ўладу зьмяніцца. Таму наша рашэньне не залежыць ад санкцыяў Эўразьвязу, мы не адступаем», — сказаў Юры Корзун.
Страйкуе 107 чалавек і далучаюцца новыя
Паводле зьвестак страйкаму «Беларуськалію», на сёньня ў забастоўцы бяруць удзел 107 працаўнікоў прадпрыемства. Таксама да шахтароў далучыліся 10 працаўнікоў іншых прадпрыемстваў Салігорску. Амаль штодня новыя людзі прыносяць заявы аб далучэньні да страйку ў офіс Незалежнага прафсаюзу гарнякоў, апавядае Юры Корзун. Ён таксама пералічвае, што казалі пра свае матывы людзі, якія далучаюцца да страйку ў сьнежні.
«Пазаўчора чалавек абураўся затрыманьнем 80-гадовых пенсіянэраў, другі раней казаў, што апошняй кропляй для яго сталі крымінальныя справы супраць невінаватых людзей. Вельмі абурыў прысуд тым, хто напісаў не асфальце словы „Не забудзем“. То бок асноўная прычына, як і раней, — цалкам неадэкватныя дзеяньні ўладаў», — сказаў Юры Корзун.
Якую дапамогу атрымліваюць страйкоўцы?
Юры Корзун згадаў пра дапамогу ад фонду Ву_Нelp, які папаўняецца ў асноўным дзякуючы беларусаў, што жывуць і працуюць за мяжой. Але наколькі хопіць гэтай дапамогі, кажа Юры Корзун, ніхто ня ведае. Усіх навічкоў папярэджваюць, што гарантыяў фінансавай дапамогі на час страйку ніхто не дае. Але гэта не спыняе пратэстоўцаў.
«Пакуль хтосьці атрымлівае фінансавую дапамогу, хтосьці трымаецца за свае сродкі. Вось як я, які адпрацаваў на „Беларуськаліі“ 20 гадоў і маю ашчаджэньні. Для ўсіх ёсьць прадуктовыя наборы, іх можна атрымаць раз на два тыдні, гэта таксама вельмі дапамагае. Але наколькі хопіць рэсурсаў у тых, хто дапамагае страйкамаўцам, — мы ня ведаем і шчыра пра гэта кажам. І ўсё ж людзей гэта не спыняе: хто вырашыў страйкаваць, не адступае», — сказаў Юры Корзун. Страйкамавец таксама згадаў пра 16 чалавек, якія выйшлі са страйку і пачалі зноў працаваць. Гэта адбылося яшчэ ў жніўні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд адмовіўся аднавіць на працы звольненых страйкоўцаў «Беларуськалію»«Гэта было ў самым пачатку страйку, яшчэ ў жніўні. 1-2 дні яны пастрайкавалі і адступілі. Іх спачатку пакаралі пазбаўленьнем прэміі, але потым зьявіўся загад аб адмене таго пакараньня. Хутчэй за ўсё каб паказаць замежным партнэрам, што нібыта рэпрэсіяў супраць страйкамаўцаў няма. Але гэта пыл у вочы. Насамрэч рэпрэсіі працягваюцца. Тых, хто далучаецца да страйку, па-ранейшаму звальняюць, але гэта людзей не спыняе», — сказаў Юры Корзун.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі сёлета ўпаў на 20%Чым цяпер займаюцца страйкоўцы?
За ўдзел ў пратэстах Юры Корзун адбыў 45 дзён адміністрацыйнага арышту. Апошнія 15 дзён ён адседзіў у лістападзе ў ізалятары Баранавічаў. Напярэдадні арышту ў складзе групы шахтароў Юры браў удзел ў турыстычнай выправе ў Косава, у музэй Тадэвуша Касьцюшкі, каля якога страйкоўцы разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг. Тут жа да іх пад’ехаў міліцэйскі аўтамабіль.
«Нас тады пакаралі абсалютна незаконна. Нібыта мы зладзілі пікет, хаця, прыкладам, я ў той момант быў у музэі. Таму цяпер наша пратэставая актыўнасьць набыла іншыя формы: займаемся дабрачыннасьцю, сустракаемся з людзьмі, якім патрэбная дапамога. Сабралі грошы на калядныя падарункі дзецям шахтароў, зьбіраем падарункі хворым. Шмат часу і намаганьняў трэба і на тое, каб самім паправіць здароўе: некаторыя з нас адбылі за кратамі больш за 50 дзён, цяпер яны лечацца ад набытых болесьцяў. Ёсьць сярод нас і тыя, хто перахварэў на каранавірус, падхапіўшы яго падчас арышту. Гэтым людзям цяпер патрэбна асаблівая дапамога і наша агульная ўвага», — мяркуе Юры Корзун.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Беларуськаліі» яшчэ адзін шахтар далучыўся да страйку і застаўся ў забоі. Раніцай яго вывезьлі з шахты