2020-ы ўвойдзе ў гісторыю Беларусі як надзвычайны год. Пандэмія каранавірусу, абуджэньне беларускага грамадзтва, выбары і беспрэцэдэнтныя мірныя пратэсты — за ўсімі гэтымі падзеямі стаяць тысячы герояў. Мы спыталі ў нашых чытачоў, хто для іх ёсьць галоўнымі героямі году — і падсумавалі некалькі тысяч адказаў.
Чытаць усе адказы ў
Беларускі народ, які паўстаў
Хто вашы героі 2020 году? «Беларусы», «народ Беларусі», «кожны свабодны беларус», «нашы», «новыя беларусы», «народ, які прачнуўся», «усе, хто за перамены» — самыя папулярныя з вашых адказаў.
Пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў лічыць, што сёлета адбылося «канчатковае дафармаваньне беларускай нацыі», якая вяртаецца ва ўлоньне эўрапейскай цывілізацыі пасьля двух стагодзьдзяў адсутнасьці.
«Насуперак усяму, што рабілася ў краіне апошнія 26 гадоў, наш народ нечакана для вонкавых назіральнікаў вырас і ператварыўся ў нацыю. І цяпер нацыя беларусаў патрабуе свабоды, дэмакратыі і павагі да сябе», — заключае гісторык і публіцыст Сяргей Абламейка. Сёлетнія падзеі ў Беларусі ён назваў «Вялікім беларускім нацыянальна-вызвольным паўстаньнем».
Сяргей Ціханоўскі
Блогер, са стрымаў якога, на думку многіх, і пачалося «вялікае беларускае ўзрушэньне». Ад 29 траўня ён за кратамі. Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага палітвязьнем. Як гаварыў сам Сяргей у інтэрвію Свабодзе за некалькі дзён да арышту ў Горадні, яшчэ ў красавіку ён не зьбіраўся ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Вылучыў сваю кандыдатуру пасьля таго, як ад удзелу ў выбарах адмовіўся Павал Севярынец.
Ціханоўскі прысутнічаў на сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ у кастрычніку. Па словах іншых яе ўдзельнікаў, быў адзіным, хто зьвяртаўся да Лукашэнкі на «ты». У той жа дзень Ціханоўскаму дазволілі пазваніць жонцы Сьвятлане і падчас размовы ён параіў ёй быць больш жорсткай у супрацьстаяньні з уладамі.
Сьвятлана Ціханоўская
Яшчэ на пачатку лета пазнаць у твар Сьвятлану Ціханоўскую маглі толькі нешматлікія журналісты, але пасьля жніўня значная частка беларусаў лічыць яе законна абраным прэзыдэнтам краіны і нацыянальным лідэрам. За кароткі прамежак часу Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь вялікай колькасьцю эўрапейскіх лідэраў; анансавалі яе сустрэчу з абраным прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. Уплывовыя сусьветныя мэдыя ўключаюць Ціханоўскую ў сьпісы самых вядомых жанчын.
Трэцяга сьнежня Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што гатовая ўзначаліць Беларусь цягам пераходнага пэрыяду, працуючы разам з Каардынацыйнай радай і Кабінэтам прадстаўнікоў.
Аляксандар Тарайкоўскі, Раман Бандарэнка і ўсе загінулыя падчас пратэстаў
За час пратэстаў ад дзеяньняў сілавікоў і невядомых загінулі сама меней чатыры чалавекі.
34-гадовы Аляксандар Тарайкоўскі загінуў каля станцыі мэтро «Пушкінская» 10 жніўня, на другі дзень пратэстаў. Празь некалькі дзён зьявілася відэа, на якім добра відаць, што Тарайкоўскага расстрэльвае з блізкай адлегласьці супрацоўнік аднаго са спэцпадразьдзяленьняў, напэўна, «Алмазу».
25-гадовы Аляксандар Віхор памёр у Гомлі пасьля зьбіваньня ў міліцыі.
43-гадовага берасьцейца Генадзя Шутава застрэлілі сілавікі.
Апошняй ахвярай стаў жыхар менскай «плошчы Пераменаў» 31-гадовы Раман Бандарэнка, якога выкралі пасьля канфлікту ў двары і даставілі ў лякарню з Цэнтральнага РУУС Менску пры сьмерці.
Ніводнай крымінальнай справы па факце гібелі пратэстоўцаў улады не завялі.
Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава стала адной зь лідэрак выбарчай кампаніі і пратэстаў пасьля арышту Віктара Бабарыкі, а пазьней увайшла ў Аб’яднаны штаб разам зь Веранікай Цапкалай і Сьвятланай Ціханоўскай. Адным з самых драматычных момантаў жніўня 2020 стала гісторыя з выкраданьнем Калесьнікавай у цэнтры Менску, адмовай пакідаць Беларусь (да чаго яе змушалі спэцслужбы) і разарваным на шматкі пашпартам у нэўтральнай зоне. 16 верасьня Сьледчы камітэт абвінаваціў Калесьнікаву ў публічных закліках да захопу ўлады. Яе ўтрымліваюць у СІЗА Жодзіна.
Ніна Багінская
Пастаянная ўдзельніца акцый пратэсту ў сучаснай Беларусі цягам апошніх некалькі дзесяцігодзьдзяў. Аднак менавіта гэтым летам 73-гадовая мянчанка стала сапраўдным сымбалем мірнага пратэставага руху. Безь яе выяваў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і словаў «Я гуляю» ўжо немагчыма ўявіць Беларусь узору лета-восені 2020 году.
Радыё Свабода прысудзіла Ніне Багінскай штогадовую прэмію «Людзі Свабоды».
Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч ды іншыя палітвязьні
За час кіраваньня Лукашэнкі лідэры апазыцыі Павал Севярынец і Мікола Статкевіч правялі не адзін год у няволі. Яны таксама сталі аднымі зь першых палітвязьняў 2020 году. Цяпер іх ужо больш 150 — гэта найбольшая колькасьць палітычных зьняволеных за ўсю гісторыю Беларусі. Абвінавачаньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках Севярынец і Статкевіч атрымалі задоўга да масавых акцый пратэсту жніўня і верасьня, аднак у суд іхныя справы не перадалі дагэтуль.
Віктар Бабарыка
Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» абвясьціў аб намеры ўдзельнічаць у выбарах празь некалькі дзён пасьля прызначэньня іх канчатковай даты і зьдзівіў гэтым многіх. Менш чым праз месяц пасьля гэтага Бабарыка ўжо быў за кратамі, а навіна пра яго затрыманьне стала прычынай першай масавай акцыі пратэсту на вуліцах Менску. Арышт Бабарыкі не спыніў працу штабу, за яго вылучэньне сабралі рэкордныя для альтэрнатыўных кандыдатаў у Беларусі 425 тысяч подпісаў. Улады Беларусі абвінавачваюць Бабарыку ў карупцыі і нясплаце падаткаў, справа ўжо перададзена ў суд. Віктар Бабарыка сваёй віны не прызнае.
Беларускія дактары
Лекары прынялі на сябе ўдар першай хвалі каранавірусу ўвесну, калі кіраўніцтва дзяржавы адмаўляла праблему, а сродкаў аховы бракавала па ўсёй Беларусі. Дзясяткі дактароў памерлі. Пасьля выбараў пратэсты лекараў сталі адной з нечаканасьцяў лета 2020 году. Яны ня толькі ратавалі пацярпелых ад сілавікоў, але і пачалі арганізоўваць уласныя «ланцугі супраць гвалту». Дзясяткі супрацоўнікаў самых розных шпіталяў былі затрыманыя і трапілі на суткі. Дактары сталі першымі, хто расказваў і дакумэнтальна пацьвярджаў катаваньні і гвалт над пратэстоўцамі.
Для некаторых зь іх, як для акадэміка Аляксандра Мрочака, Андрэя Вітушкі ці Рустама Айзатуліна, грамадзянская пазыцыя стала прычынай непрацягненьня кантракту. Лекар Арцём Сарокін, які расказаў журналістам пра адсутнасьць алькаголю ў крыві Рамана Бандарэнкі, знаходзіцца ў ізалятары як падазраваны ў крымінальнай справе.
Максім Знак і беларускія адвакаты
Адвакаты сталі аднымі з асноўных удзельнікаў сёлетняй выбарчай кампаніі. Спачатку як сябры штабоў і Каардынацыйнай рады, а потым як палітвязьні. Максім Знак і Ільля Салей паўдзельнічалі ў кампаніі ва ўсіх трох іпастасях. Знак па-ранейшаму знаходзіцца ў няволі.
Цягам гэтых месяцаў адвакаты несупынна баранілі правы дзясяткаў тысяч беларусаў — затрыманых, зьбітых, арыштаваных. Часта яна застаюцца адзіным сродкам сувязі палітычных арыштантаў з вонкавым сьветам.
Не абышлося і без пазбаўленьня адвакацкіх ліцэнзій. Сярод тых, каго дзяржава пазбавіла права на прафэсію,і адзін з самых вядомых адвакатаў Беларусі, абаронца Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай Аляксандар Пыльчанка. Сотні, калі ня тысячы, палітычных працэсаў яшчэ наперадзе. Для адвакатаў усё толькі пачынаецца.
Павал Латушка і акторы Купалаўскага тэатру
Адзіны топ-чыноўнік, які адкрыта падтрымаў пратэсты і выказаўся супраць гвалту сілавікоў. Гэта каштавала Паўлу Латушку пасады дырэктара Купалаўскага тэатру, які пасьля сыходу Латушкі і амаль усіх актораў фактычна спыніў працу. Як сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка пабываў на допыце ў Сьледчым камітэце, а потым пакінуў Беларусь і працягвае дзейнасьць з-за мяжы, дзе стварыў Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва.
Купалаўскі тэатар прыпыніў дзейнасьць пасьля таго, як большасьць актораў і ўсе рэжысэры (агулам 58 чалавек) звольніліся на знак прастэсту супраць дзеяньняў уладаў. Сярод зволеных — мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін, народныя артысты Беларусі Зоя Белахвосцік, Арнольд Памазан, Віктар Манаеў, заслужаныя артысты Беларусі Алена Сідарава, Юлія Шпілеўская, Ігар Дзянісаў, Наталля Качаткова і Георгій Маляўскі...
Nexta (Сьцяпан Сьвятлоў)
Калі да пратэстаў лета пра Сьцяпана Пуцілу і яго канал Nexta ведалі некалькі соцень тысяч падпісчыкаў, то ўжо ўвосень абвінавачанага ў тэрарызьме блогера чытае нават Натальля Качанава, а інтэрвію зь ім здымае Юры Дудзь. Пра ролю Пуцілы ў беларускіх пратэстах 2020 году яшчэ напішуць не адзін артыкул. Пакуль жа беларускія ўлады абвясьцілі яго ў вышук.
Алена Леўчанка, Аляксандра Герасіменя, Андрэй Краўчанка і іншыя спартоўцы
Людзі, што вярнулі веру ў беларускі спорт і спартоўцаў, якія з пачатку 1990-х амаль ня ўдзельнічалі ў супрацьстаяньні ўлады і грамадзтва. Хутчэй, наадварот, лічыліся самымі адданымі прыхільнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Аляксандра Герасіменя, Алена Леўчанка, Андрэй Краўчанка, Іван Ганін і сотні іншых спартоўцаў, аб’яднаныя ў Беларускі фонд спартовай салідарнасьці, сёлета даказалі, што далёка ня ўсе чэмпіёны падтрымліваюць уладу. І шмат ў чым дзякуючы іх галасам Лукашэнка больш ня будзе шаноўным госьцем на Алімпійскіх гульнях.
Вольга Хіжынкова
Конкурсы прыгожосьці ў Беларусі даўно сталі падзеяй, дзе кіраўнік дзяржавы мог патанчыць з самай прыгожай дзяўчынай краіны, а яна пры жаданьні — распачаць неблагую кар’еру. «Міс Беларусь — 2008» Вольга Хіжынкова летам 2020 году адкрыта падтрымала пратэсты і пачала сама хадзіць на нядзельныя маршы. Як вынік — страта працы ў Нацыянальнай школе прыгажосьці і 42 дні арышту, якія, па словах сукамэрніц, адміністрацыя ізалятара на Акрэсьціна ператварыла ў сапраўдныя катаваньні для Вольгі. Але яна заваявала народную любоў і стала сапраўднай гераіняй пратэставага часу.
Валер і Вераніка Цапкалы
Пра ўдзел у выбарах 2020 году Валер Цапкала абвясьціў нават раней за Віктара Бабарыку, чым выклікаў ажыятаж сярод журналістаў і экспэртаў. Шыкоўная прэзэнтацыя выбарчай кампаніі толькі дадала цікавасьці. Асабліва калі былы амбасадар Беларусі ў ЗША і шматгадовы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій у адказе на пытаньне Свабоды паведаміў, што мэтады кіраваньня Лукашэнкі, мякка кажучы, састарэлі. Далей былі ўцёкі з краіны разам зь дзецьмі і ўзьлёт палітычнай кар’еры жонкі Валера Цапкалы Веранікі, якая разам са Сьвятланай Ціханоўскай і Марыяй Калесьнікавай стала галоўным сімвалам выбарчай кампаніі. Ці скарыстаюцца назапашаным палітычным капіталам сужэнцы Цапкалы, пакажа толькі будучыня.
Ігар Лосік і іншыя блогеры
Незалежныя блогеры ў 2020 годзе для беларускіх уладаў сталі нават больш небясьпечнымі, чым апазыцыянэры. Яны цалкам перагулялі дзяржаўную прапаганду ў барацьбе за ўплыў на інтэрнэт-аўдыторыю. А некаторыя зь іх акурат вырашылі пайсьці ў палітыку. Як Сяргей Ціханоўскі, напрыклад. Альбо Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін. Так ці іначай, а менавіта блогеры аднымі зь першых адчулі на сабе, што такое рэпрэсіі. Большасьць беларускіх палітычных ютубэраў і адміністратараў буйных тэлеграм-каналаў трапілі за краты яшчэ ў чэрвені. Хто ня трапіў, быў вымушаны ратавацца за мяжой.
Ян Салановіч і студэнты
Студэнцкія акцыі ў сьценах ВНУ і вулічныя маршы сталі прыкметнай часткай беларускіх пратэстаў. Сотні студэнтаў у выніку трапілі за краты, былі асуджаныя на «суткі» і нават сталі фігурантамі крымінальных спраў. Студэнта 4 курсу БДУІР Яна Салановіча асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту шэсьць разоў (на 99 сутак), ён знаходзіцца за кратамі з пачатку лістапада. 13 студэнтаў, якіх зьняволілі ў рамках крымінальных спраў, прызналі палітвязьнямі.
Натальля Дуліна і выкладчыкі (настаўнікі)
На пасіўнасьць настаўнікаў і выкладчыкаў у Беларусі наракалі ня менш, чым на апалітычнасьць спартоўцаў. Ды яшчэ і ва ўдзеле ў фальсыфікацыях выбараў абвінавачвалі. Усё зьмянілася зноў жа ў 2020 годзе, калі шмат у якіх участковых камісіях вынікі выбараў кардынальна адрозьніваліся ад афіцыйных, а з пачаткам навучальнага году вялікая колькасьць выкладчыкаў адкрыта далучылася да студэнцкіх пратэстаў. Узорам тут можна назваць звольненую за верш настаўніцу Ганну Севярынец альбо выкладчыцу МДЛУ Натальлю Дуліну, якую, апроч звальненьня, яшчэ і асудзілі на «суткі».
Марфа Рабкова і валянтэры
Валянтэры дапамагалі асуджаным на «суткі» задоўга да 2020 году, аднак сёлета іх праца стала асабліва важнай з улікам велізарнай колькасьць пацярпелых. Намёты валянтэраў зьявіліся і дагэтуль стаяць ля ўсіх турмаў, куды звозяць «палітычных». Яны складаюць сьпісы зьняволеных, дапамагаюць зь перадачамі, сустракаюць вызваленых і развозяць іх па хатах. А таксама фіксуюць злачынствы сілавікоў супраць беларусаў і самі трапляюць за краты. Як каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, якую вінавацяць ў арганізацыі беспарадкаў.
Сьцяпан Латыпаў і абаронцы двароў
Пратэсты ў менскіх дварах — вынаходка выключна беларускага лета і восені 2020 году. І нават, хутчэй, не пратэсты, а грамадзянская актыўнасьць, якая аб’яднала жыхароў дзясяткаў двароў па ўсёй беларускай сталіцы. Самы вядомы зь іх, напэўна, гэта «плошча Перамен». А палітвязень Сьцяпан Латыпаў — адзін з тых, хто гэтую «плошчу Перамен» ствараў. З 15 верасьня Сьцяпан у няволі і зьяўляецца падазраваным паводле артыкулу аб «масавых беспарадках».
Ян Грыб і пэнсіянэры-пратэстоўцы
«Маршы мудрасьці» па панядзелках зьявіліся ў той момант, калі ўжо можна было пачуць пра тое, што пратэсты ў Беларусі пайшлі на спад. Па пэнсіянэрах стралялі з агнястрэльнай зброі, іх спрабавалі разганяць газам, перакрываць ім вуліцы і нават затрымліваць ды садзіць на «суткі». Але яны працягваюць па-ранейшаму зьбірацца кожны панядзелак ля Чырвонага касьцёла. 83-гадовы паэт Ян Грыб — адзін з тых, хто ходзіць на кожны такі пратэст.
Журналісты незалежных мэдыя
Журналісты недзяржаўных СМІ заўсёды мелі праблемы падчас працы на выбарчых кампаніях. Аднак у 2020 годзе гэтыя праблемы пераўзышлі ўсе чаканьні. Затрымліваць журналістаў падчас працы пачалі яшчэ ў чэрвені. У жніўні журналістаў сталі біць, расстрэльваць ва ўпор і арыштоўваць. Яшчэ пазьней многія страцілі магчымасьць працаваць легальна, а Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова і Кацярына Барысевіч трапілі за краты ў крымінальных справах. Усё гэта толькі павялічвае давер да працы недзяржаўных СМІ сярод беларусаў.
Фонды салідарнасьці і іх валянтэры
Пакуль увесну Аляксандар Лукашэнка пераконваў беларусаў, што каранавірус — гэта «псыхоз», а чыноўнікі прымяншалі маштаб пандэміі, грамадзянская кампанія #BYCOVID19 на чале з Андрэем Стрыжаком, Андрэем Ткачовым, Юліяй Дарашкевіч ды інш. дапамагла сотням мэдычных устаноў, даставіла лекарам сотні тысяч сродкаў засьцярогі.
Стрыжак і Ткачоў вымушаныя былі выехаць зь Беларусі і ўжо з-за мяжы далучыліся да ініцыятываў дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій.
Сёньня беларусам дапамагаюць некалькі ініцыятыў. Фонд BY_HELP сабраў звыш 4 млн даляраў для пацярпелых у пратэстах, а на яго каардынатара Аляксея Лявончыка ў Беларусі завялі крымінальную справу. BYSOL дапамагае рабочым-страйкоўцам і тым, хто пазбавіўся працы за грамадзянскую пазыцыю. Адмысловыя ініцыятывы працуюць з журналістамі, студэнтамі, дактарамі, культурнымі дзеячамі, былымі сілавікамі... Усё гэта, вядома, было б немагчыма бяз добрай волі беларусаў.
Ігар Ляшчэня і дыпляматы, якія падтрымалі народ
Міністэрства замежных спраў стала адным зь ведамстваў, чые супрацоўнікі не пабаяліся выйсьці ў ланцуг салідарнасьці ў першыя дні пасьля выбараў. Для супрацоўнікаў МЗС гэта азначала канец дыпляматычнай кар’еры ў міністэрстве Ўладзімера Макея. Як і для тых амбасадараў, якія, знаходзячыся за мяжой, вырашылі падтрымаць пратэсты і адкрыта асудзіць гвалт. Першым з такіх дыпляматаў стаў амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня. За сваю сьмеласьць ён заплаціў не толькі месцам працы, але і званьнем дыплямата.
Андрэй Астаповіч і сілавікі, якія звольніліся з органаў
Старшы сьледчы Партызанскага РУУС Менску Андрэй Астаповіч звольніўся 16 жніўня на знак пратэсту супраць дзеяньняў сілавікоў. Гэты крок ледзьве не каштаваў яму свабоды. Астаповіч спачатку ўцёк у Расею, пасьля быў дэпартаваны адтуль, уцёк у лес ад сваіх былых калег, якія прыехалі яго арыштаваць, і хаваўся там некалькі сутак, прайшоўшы каля 70 кілямэтраў. Цяпер ён разам з шэрагам іншых былых беларускіх праваахоўнікаў узначальвае арганізацыю By_Pol, якая дапамагае былым сілавікам і расьсьледуе злачынствы беларускіх праваахоўнікаў.
Сяргей Дылеўскі і рабочыя-страйкоўцы
Першыя страйкі пачаліся ў Беларусі праз тыдзень пасьля выбараў. Баставаць пачалі супрацоўнікі заводу імя Казлова ў Менску, МАЗу, МТЗ, БелАЗу, «Гродна Азоту», «Беларуськалію» і шэрагу іншых. Адным зь лідэраў пратэсту рабочых стаў супрацоўнік МТЗ Сяргей Дылеўскі. Ён увайшоў у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады, але пасьля пад пагрозай арышту быў вымушаны зьехаць у Польшчу, адкуль каардынуе рабочыя пратэсты цяпер.
Іна Зайцава і крэатыўныя пратэстоўцы
Летнія і восеньскія маршы пратэсту, акрамя іншага, запомняцца крэатыўнасьцю іх удзельнікаў. Лёзунгі, крычалкі, плякаты, касьцюмы — чым толькі не спрабавалі выказаць беларусы сваё абурэньне дзеяньнямі ўладаў. Сярод усяго гэтага асабліва запомніцца «бел-чырвона-белая нявеста» Іна Зайцава зь Берасьця, якая ў сваёй сукенцы пасьпела аб’ехаць некалькі пратэставых гарадоў. Яе затрымлівалі да суду, штрафавалі. У сьнежні за сьцяг на доме асудзілі на арышт яе мужа Андрэя.
Тадэвуш Кандрусевіч і сьвятары
Кіраўнік Каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч стаў першым грамадзянінам краіны, якому афіцыйна забаранілі ўезд у Беларусь. Ужо пасьля гэтага за крытычныя выказваньні аб дзеяньнях сілавікоў і ўладаў пазбавіўся пасады прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін, а сама Царква зьмяніла кіраўніка. Некалькі сьвятароў розных канфэсій трапяць на «суткі». Былі і прыклады падтрымкі дзеячамі царквы сілавікоў, але гэта хутчэй выключэньне, чым правіла.
Дзяніс Чашун і ратавальнікі
Начальнік гарадзкой ратавальнай станцыі «Камсамольскае возера» Дзяніс Чашун разам са сваімі падначаленымі выратавалі ад затрыманьня некалькіх пратэстоўцаў падчас разгону нядзельнага маршу ў парку Перамогі. За гэта яны самі трапілі на Акрэсьціна. Дзяніс дагэтуль працуе на сваёй пасадзе, нягледзячы на суд і «суткі». Кажа, што ні аб чым не шкадуе.
Аляксей Санчук і музыкі пратэсту
Пратэсты 2020 году ўвасобіліся і ў вялізнай колькасьці новай музыкі, натхнёнай вулічнымі акцыямі і хваляй салідарнасьці, якую праявілі беларусы. Свабода налічыла ўжо звыш 400 песень пратэсту. З запісаў музыка пратэсту пайшла ў двары і зазнала перасьлед з боку сілавікоў. Дзясяткі музыкаў трапілі на «суткі», а бубнача Аляксея Санчука ўвогуле зрабілі падазраваным у крымінальнай справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Напэўна, гэта першы музыка-палітвязень у гісторыі сучаснай Беларусі.
Сапраўдным сымбалем пратэстаў стаў няўлоўны «Вольны хор», які зьяўляўся ў публічных месцах Менску ды сьпяваў патрыятычныя беларускія песьні.
Мікалай Дзядок і анархісты
Свой сьлед у пратэстах 2020 году пакінулі і беларускія анархісты, якім таксама дасталася ад дзяржавы. Ігара Аліневіча з паплечнікамі абвінавачваюць у падпалах міліцэйскіх аўтамабіляў і пастарунка. Мікалая Дзядка брутальна затрымалі на кансьпіратыўнай кватэры і паказалі ў паўпрытомным стане на дзяржаўнай тэлевізіі. Справы анархістаў традыцыйна застаюцца аднымі з самых засакрэчаных, пра іх стан і ход расьсьледаваньня амаль нічога ня ведаюць нават родныя затрыманых.
Аляксандар Лукашэнка
Відаць, гэта самая супярэчлівая сярод асобаў 2020 году ў Беларусі. Але зьмяншаць ролю Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што сотні тысяч беларусаў аб’ядналіся супраць яго, нельга. «Разам і бацьку біць лягчэй», — сьцьвярджае беларуская прымаўка. Альбо зганяць з пасады. У любым выпадку такімі аб’яднанымі, як у 2020 годзе, беларусы яшчэ не былі ніколі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніна Багінская — «Чалавек Cвабоды – 2020» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае слова 2020 году — „Жыве!“