Цяпер у чалавека могуць адабраць грамадзянства нават тады, калі ў яго няма грамадзянства іншай дзяржавы ці гарантый яго атрыманьня. Раней такога «не дапускалася».
Новаўвядзеньне ня тычыцца грамадзянаў Беларусі ад нараджэньня, а толькі тых, хто грамадзянства атрымаў.
Чалавек можа страціць грамадзянства, калі яго прызнаюць вінаватым у экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьні цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы.
Гаворка ідзе пра крымінальныя артыкулы за:
- тэрарызм;
- распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці;
- экацыд;
- найміцтва;
- стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня, масавыя беспарадкі;
- здраду дзяржаве;
- змову з мэтай захопу ўлады, дывэрсію;
- заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне і фінансаваньне экстрэмісцкага фармаваньня;
- удзел у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы.
За гэтыя злачынствы ў новай рэдакцыі закону можна адбіраць грамадзянства нават у тых выпадках, калі раней гэта не дапускалася:
- у падазраванага ці абвінавачанага ў крымінальнай справе альбо асуджанага ў Беларусі,
- у таго, хто мае запазычанасьць у падатках і іншыя нявыкананыя абавязаньні,
- хто ня мае іншага грамадзянства ці гарантый яго набыцьця.
Права забіраць грамадзянства на гэтых падставах закон дае прэзыдэнту краіны.
Дасюль грамадзянства можна было страціць, толькі паступіўшы на службу замежнай дзяржаве (у войска, паліцыю, суд, урад) ці па заяве бацькоў дзіцяці, якое па нараджэньні набыло замежнае грамадзянства разам з грамадзянствам Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Кандрусевіч, якога ўлады не пускаюць у Беларусь, напісаў заяву аб адстаўцы праз узростАтрымаць грамадзянства таксама стала прасьцей
Для ахвотных атрымаць беларускае грамадзянства скарацілі тэрміны пражываньня з 7 да 5 гадоў.
Іншаземец зь сямʼі, дзе сужэнец і непаўналетняе дзіця — беларусы, цяпер зможа прэтэндаваць на грамадзянства праз тры гады пражываньня.
Зьмены набудуць моц праз паўгода. 17 сьнежня іх афіцыйна апублікавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кубінцу, які ўдзельнічаў у пратэстах, пагражае дэпартацыя зь Беларусі і турма на радзіме