Свабода працягвае расказваць, што чуваць пра людзей, якія трапілі за краты падчас апошняй выбарчай кампаніі і пасьля яе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 месяцаў за кратамі. Як маюцца палітвязьні са «справы Ціханоўскага»Яўген Разьнічэнка просіць лекаў і падтрымаць сястру
Яўген Разьнічэнка — гарадзенец, які паклаў на зямлю міліцыянта на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня. Пасьля гэтага інцыдэнту затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў.
Яўгена затрымалі 30 траўня, на наступны дзень пасьля штурханіны зь міліцыянтам. Ён фігуруе ў крымінальнай справе за гвалт над міліцыянтам (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу) і за «арганізацыю дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342). За кратамі больш за паўгода. Сядзіць у ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі актывіста, які паклаў міліцыянта на зямлю падчас інцыдэнту ў ГорадніРазьнічэнку не прызналі палітвязьнем. Яму 35 гадоў, не жанаты. Працаваў будаўніком у Расеі, перад затрыманьнем вярнуўся ў Беларусь, хадзіў на сустрэчы зь Ціханоўскім. У яго на волі засталіся маці і сястра са сваёй сям’ёй.
Яўген чуў гукі пратэстаў за сьценамі «Валадаркі», ведае пра шматлікія затрыманьні. У лістах ён ня раз прасіў падтрымаць сям’ю сястры, якая ўлетку нарадзіла сына, жыве небагата. Да таго ж мужчына пэрыядычна просіць даслаць яму пэўную мазь для скуры, бо мае псарыяз.
«З кожным днём усё больш хочацца верыць у зьмены на лепшае», — напісаў у адным зь лістоў Разьнічэнка.
Ільлю Паланянкіну дазволілі пабачыцца ў СІЗА зь цяжарнай жонкай
Ільля Паланянкін — гарадзенец, якога вінавацяць ва ўдзеле ў маршы пратэсту 6 верасьня. Тады дэманстранты прайшлі некалькі кілямэтраў ад Савецкай плошчы па праезнай частцы да ўнівэрсаму «Брэст». Марш скончыўся жорсткімі затрыманьнямі з ужываньнем газу.
Ільлю затрымалі праз два тыдні пасьля маршу. Падазраюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Паланянкіна прызналі палітвязьнем.
Ён раней працаваў прадпрымальнікам. У сям’і Паланянкіных двое дзяцей дашкольнага ўзросту. Калі Ільлю затрымалі, жонка была цяжарная трэцім дзіцем. Ёй некалькі разоў дазволілі пабачыцца з мужам у ізалятары. Стан Ільлі быў нармальны.
Паланянкін знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Горадні.
Вітольд Ашурак чуў фаервэрк на юбілей і працягвае жартаваць
Вітольд Ашурак — актывіст зь Бярозаўкі на Лідчыне, горадзенскі абласны каардынатар руху «За свабоду», сябар сойму Партыі БНФ. Яму 50 гадоў, жанаты. Яго не прызналі палітвязьнем.
Ашурка затрымалі спачатку 9 жніўня на некалькі дзён, а потым 19 верасьня, асудзілі на 30 дзён арышту ў адміністрацыйных справах за ўдзел у 8 мітынгах, ён сядзеў у Лідзе. Аднак празь месяц Ашурка ня выпусьцілі. Цяпер ён фігуруе ў крымінальнай справе за арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу), а таксама за гвалт у дачыненьні да міліцыянта (арт. 364 Крымінальнага кодэксу). Яго вінавацяць за ўдзел у пратэстах 9 жніўня.
За кратамі Ашурак адзначыў 50-годзьдзе. Пад мурамі лідзкага ізалятару сябры зладзілі фаервэрк, Вітольд яго чуў. Пісаў, што атрымаў шмат віншаваньняў са сьвятам.
Цяпер ён у СІЗА № 1 у цэнтры Горадні.
«Настрой на прымальным узроўні. Калектыў камэры вельмі спрыяльны», — пісаў паплечніцы ў адным зь лістоў Вітольд.
У Ашурка пагоршыўся зрок у зьняволеньні. Яму перадалі акуляры, але яны паламаліся пры перадачы. Перадалі другія, але іх чамусьці не ўзялі.
Сябры кажуць, што ён працягвае жартаваць у лістах.
«Ён моцны хлопец, вядома, ён вытрымае, хоць умовы там, напэўна, ня вельмі добрыя, але пра гэта нельга пісаць», — расказаў сябар Вітольда горадзенскі актывіст Сяргей Верамеенка.
Кася Будзько малюе і вучыцца за кратамі
Кася Будзько — гарадзенка, студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, сябра Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.
Яе затрымалі 12 лістапада разам зь іншымі студэнтамі ў межах крымінальнай справы за арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342). Яе прызналі палітычнай зьняволенай. Спачатку знаходзілася ў СІЗА КДБ, потым яе перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Касі 19 гадоў. Яна мастачка. Спачатку вучылася ў Горадзенскім унівэрсытэце, потым перавялася ў Менск. Жыла разам з бабуляй і дзядулем. Дзьверы ў іхную кватэру пры затрыманьні ўскрывалі спэцыяльнымі прыладамі. Пры ператрусе забралі тэхніку.
Бацька Касі Віталь Будзько расказаў, што дачка ў зьняволеньні чытае і малюе. Прасіла перадаць прылады для маляваньня, навучальныя кнігі. Ад яе прыходзяць лісты сям’і і сябрам.
«У лістах настрой добры», — сьцьвярджае бацька, аднак ён ня ўпэўнены, ці Кася сапраўды добра трымаецца, ці проста стараецца падбадзёрваць сваякоў.
Колькі чалавек сядзяць зь ёй у камэры, бацькі ня ведаюць. Сьледчых дзеяньняў зь дзяўчынай пакуль не праводзяць. За што менавіта затрымалі дачку, Віталь ня ведае, аднак перакананы, што гэта зьвязана зь ейнай актыўнасьцю ў ЗБС. Перадачы для яе прымаюць нармальна. У Менску іх носяць бабуля зь дзядулем.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён частка мяне». Дар’я Лосік пра бестэрміновую галадоўку пратэсту разам з мужам-палітвязьнем