Яны — не пісьменьніцы, не мастачкі, не выдаўцы. Яны нават не знаёмыя ў рэальным жыцьці. Адна жыве блізу нямецкага Штутгарту, а другая ў беларускім Рагачове. Аб’яднала ж іх велізарнае жаданьне кожнай выхаваць сваіх дзяцей беларусамі.
— Перш чым распытваць пра вашага «Жэўжыка», дазвольце, калі ласка, папрасіць вас крыху расказаць пра сябе, бо вы людзі ня надта вядомыя шырокай беларускай публіцы. Посьпех жа ўсякай справы шмат у чым вызначае асоба, якая за ёй стаіць.
Натальля: Я жыву ў Нямеччыне, па адукацыі юрыстка, але па спэцыяльнасьці ў Нямеччыне не працую. Я чалавек творчы, камунікатыўны і пастаянны генэратар ідэяў, як кажуць мае знаёмыя. Бо заўсёды штосьці прыдумляю, над чымсьці працую. Пасьля нараджэньня дзяцей пачала рабіць гульні для разьвіцьця, цацкі і кніжкі, арганізоўваць для іх і сяброў сьвяты з квэстамі, загадкамі і іншым. Выхоўваю сваіх дзяцей па-беларуску.
Марына: Я настаўніца ангельскай мовы, жыву зь сямʼёй у Рагачове. З мужам мы вырашылі, што роднай і першай мовай для дзяцей будзе беларуская, але часам гэта даволі складана ў расейскамоўным асяродзьдзі. Вельмі хачу, каб беларускай мовы вакол было больш, таму з радасьцю ствараю цікавы зьмест на беларускай мове для ўсіх дзетак.
— Што ці хто натхніў вас на новае выданьне для беларускай малечы? І чаму назвалі альманах «Жэўжык», такім адметным і ня часта ўжо, на жаль, ужываным словам?
Натальля: Ідэя зрабіць забаўляльнае выданьне для дзяцей узьнікла заканамерна. Калі ў мяне падрасьлі свае дзеці, я ўбачыла, што такіх выданьняў па-беларуску для іх вельмі нестае. На той момант некалькі выданьняў, што выдаваліся на беларускай мове для дзяцей, складаліся больш зь вершаў, казак, апавяданьняў, а заданьняў, цікавінак, забавак было мала. Гэта і падштурхнула мяне прыдумаць «Жэўжыка». Сёньня забаўляльных выданьняў па-беларуску больш, але гэта толькі дадае ахвоты паляпшаць наш альманах, прыдумляць новае і незвычайнае, каб дзеці бачылі, што беларуская мова — ня толькі казкі і вершы, але і сучасныя майстар-клясы, экспэрымэнты, жарты.
Назва «Жэўжык» нам падаецца самай трапнай, бо менавіта гэтым адметным словам бацькі і называюць сваіх дзетак, якія не даюць нам сумаваць і падштурхоўваюць нас прыдумляць, разьвівацца, не сядзець на месцы.
— Як і калі зьявіўся ваш першы электронны «Жэўжык»?
Натальля: Першы «Жэўжык» зьявіўся вясной 2019 году. Калі я зразумела, што трэба тэрмінова рабіць беларускамоўнае выданьне, зьвярнулася да знаёмых дзяўчат, каб дапамаглі зь цікавымі тэкстамі, а я ўжо прыдумаю заданьні ды зраблю вёрстку. Хоць на той момант зусім ня ведала, як гэта робіцца.
Першы нумар прысьвячаўся вясьне і птушкам. Ён быў зусім невялікі, толькі 16 старонак, і з зусім простым дызайнам. Цяпер «Жэўжык» падрос ажно да 36 старонак. Калі сёньня вы параўнаеце наш першы нумар і апошні, то ўбачыце, як зьмяніўся наш альманах, як мы зьмяніліся, нашы навыкі. Мы стараліся, каб кожны нумар быў асаблівым, каб ён прысьвячаўся адной тэме і зь ёю былі зьвязаныя ўсе забаўкі і заданьні.
Марына: Калі я даведалася, што прыдумала Наталка, я вельмі зацікавілася, бо таксама разумела, што забаўляльных выданьняў для дзяцей па-беларуску не хапае. А гэта быў шанец зрабіць кляснае выданьне менавіта для нашых дзяцей, сабраць на старонках «Жэўжыка» ўсё самае цікавае, што любяць дзеці. Спачатку я дапамагала заданьнямі, а потым пачала вучыцца вярстаць, і зараз мы робім альманах разам з Наталкай.
— Якая каманда стаіць за выданьнем? Хто піша, хто малюе, хто стварае дызайн, вёрстку?
Натальля: Сёньня наша каманда складаецца ўсяго з двух чалавек — мяне і Марыны Кузьмянковай — дзьвюх матуль, абʼяднаных ідэяй зрабіць цікавае выданьне ўжо ня толькі для сваіх, але і для ўсіх дзетак. Разам з Марынай мы прыдумляем заданьні, робім дызайн, вярстаем. Зь верасьня нам стала дапамагаць мастачка Сьвятлана Варкенцін, якая таксама жыве ў Нямеччыне. Дзякуючы яе малюнкам наша выданьне атрымалася вельмі прыгожым. Яшчэ хочацца выказаць падзяку Вольцы Жарнасек (яна пісала цікавыя тэксты для нашых нумароў), Зьмітру Мурашку і Аляксандры Баярынай (дзякуючы ім зьявілася рубрыка «Слоўнік дойліда»). Насамрэч вельмі шмат людзей нам дапамагалі і дапамагаюць. Мы стараемся ў кожным нумары адзначыць усіх, хто спрычыніўся да выхаду. Асобная падзяка чалавеку, без якога наш альманах не зьявіўся б, — Генадзю Вінярскаму.
Марына: Самае цікавае, што мы ніколі не сустракаліся ў жыцьці, уся праца і камунікацыя праходзіць праз мэсэнджары і сацыяльныя сеткі. Але адлегласьць і розныя краіны не замінаюць нам ствараць альманах разам. Большую частку працы мы робім начамі, у вольны ад асноўнай працы час. Вучымся працаваць у незвычайных для нас праграмах, кожны дзень чытаем, шукаем новую інфармацыю.
Натальля: Часам здаецца, што ўсё, стаміліся, ня можам вырашыць нейкую праблему, знайсьці адпаведны малюнак ці фон, але заўсёды нам трапляюцца людзі, якія падкажуць, дапамогуць ня толькі справай, але і словам падтрымкі, што вельмі важна для нас. Напрыклад, Юля Янюк-Казлоўская і Марына Курышка некалі далі вельмі добрыя парады ў вёрстцы, якімі карыстаемся дагэтуль. За што мы ім вельмі ўдзячныя.
Таму пішыце нам водгукі і прапановы. Мы заўсёды адкрытыя для новых ідэяў.
— А на якую ўзроставую групу «Жэўжык» разьлічаны?
Натальля: Аўдыторыя «Жэўжыка» — дзеці малодшага школьнага ўзросту. Гэта ўзрост, калі дзецям цікава ўсё, яны адкрытыя да новых ведаў, кірункаў, дык чаму б не падаць іх у незвычайнай форме ды па-беларуску.
Марына: Сёньня цікаўнасьць да беларускай мовы сярод дзяцей даволі нізкая, асабліва ў дзяцей зь невялікіх гарадоў, дзе, акрамя ўрокаў беларускай мовы і некалькіх школьных мерапрыемстваў, нічога няма. Менавіта таму мы скіраваныя на гэты ўзрост, каб дзеці зразумелі, што беларуская мова — гэта ня толькі школьныя ўрокі, але і сучаснае, цікавае, забаўляльнае выданьне.
— Дзіцячыя пісьменьнікі звычайна правяраюць, ці пацэлілі іхныя творы ў мэтавую аўдыторыю, на ўласных дзецях ці ўнуках. А як вы вызначаеце, што створанае вашай камандай закране душы й сэрцы адрасатаў?
Натальля: Як мы ўжо казалі, менавіта нашыя дзеці натхнілі нас стварыць «Жэўжыка», таму мы прыслухоўваемся да іх, пытаемся, што ім цікава, якія тэмы, заданьні яны хацелі б бачыць на старонках альманаху. Але мы з радасьцю прымаем прапановы як ад знаёмых, так і незнаёмых людзей, якія зацікавіліся «Жэўжыкам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 аргумэнтаў за тое, каб выдаваць і чытаць добрыя дзіцячыя кнігі па-беларуску— Чатыры, калі не памыляюся, нумары «Жэўжыка» выйшлі ў электронным варыянце. Але днямі зьявіўся першы наклад папяровага альманаху. Чым абумоўлены выбар фармату ад пачатку і яго зьмены цяпер?
Марына: У электронным выглядзе цяпер кожны можа бясплатна спампаваць 5 тэматычных нумароў. Апісаньне і спасылкі можна знайсьці ў нашай суполцы ў фэйсбуку. Але сёньня ў штодзённых клопатах ня ўсе маюць час і магчымасьць раздрукаваць цэлы асобнік, а дзецям ня вельмі цікава чытаць онлайн, бо ў нашым выданьні багата заданьняў, дзе трэба напісаць, злучыць, намаляваць. Таму мы заўсёды хацелі, каб наш альманах зьявіўся ў друкаваным выглядзе, каб як мага больш дзетак змаглі пачытаць яго і знайсьці штось цікавае.
— Вы ўсюды падкрэсьліваеце, што «Жэўжык» — не часопіс, а альманах. Гэта азначае, што выданьне ня мае пэрыядычнасьці. Але ці зручна гэта чытачам, якія ўжо зацікавіліся «Жэўжыкам» і хацелі б атрымліваць яго рэгулярна праз падпіску? Ці не губляеце такім чынам вашых ужо існых і будучых прыхільнікаў?
Натальля: Так, «Жэўжык» — гэта альманах. Мы ня маем зараз магчымасьці быць пэрыядычным выданьнем, бо не атрымліваем ніякага прыбытку ад «Жэўжыка». Мы яго робім у вольны ад асноўнай працы час і часта фізычна не пасьпяваем зрабіць усё задуманае. Але наша мара, каб «Жэўжык» стаў аднойчы пэрыядычным выданьнем, хоць гэта патрабуе сурʼёзных зьменаў, для якіх у нас, паўтаруся, няма пакуль магчымасьцяў. Вельмі спадзяемся, што нашы чытачы будуць чакаць і чытаць кожны нумар «Жэўжыка», а мы будзем цешыць іх новымі і незвычайнымі цікавінкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым адрозьніваюцца дзеткі, якіх гадуюць на «Маме Му» і на «Мыйдадзіры»— Першы папяровы «Жэўжык» цалкам прысьвечаны беларускай мове, яе гісторыі і сучаснасьці. Ці лёгка было адаптаваць для малечы агульнавядомыя ісьціны? Ці цалкам задаволеныя вы даходлівасьцю і вобразнасьцю падачы гэтай архіважнай і разам з тым архіскладанай тэмы?
Марына: Кожны нумар «Жэўжыка» тэматычны. Мы робім так, каб наш альманах быў актуальны ня толькі сёньня і каб карыстацца ім маглі ня толькі дзеці, але і настаўнікі на ўроках.
Што тычыцца тэмы роднай мовы, то, вядома, гэта было няпроста, бо ўціснуць на некалькі старонак усю гісторыю разьвіцьця нашай мовы, ды яшчэ і агарнуць яе ў цікавую для дзяцей абгортку, патрабавала ад нас фантазіі і пэўных высілкаў. Але дзякуючы мастачцы Паліне Буяк, якая нам дапамагла, зьявіўся цікавы комікс, які дзеці з задавальненьнем прачытаюць і даведаюцца, як узьнікла беларуская мова.
— А пра што будуць наступныя выпускі? Падзяліцеся, калі ласка, плянамі з чытачамі і прыхільнікамі, заінтрыгуйце іх…
Натальля: У нас вельмі шмат плянаў, ідэяў, якімі зрабіць наступныя нумары «Жэўжыка». Мы пытаемся як у дзяцей, пра што б яны хацелі пачытаць, так і ў бацькоў, настаўнікаў. Цяпер зьбіраем матэрыялы для двух наступных нумароў, прысьвечаных птушкам і музычным інструмэнтам. Калі маеце цікавы матэрыял, ідэі для заданьняў ці проста добрае слова для «Жэўжыка», пішыце абавязкова нам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: сьнежань