Аляксандар Лукашэнка страціў шматгадовае лідэрства ў даверы грамадзян Украіны, але пакуль застаецца ў «пяцёрцы» ідэалаў у кіраваньні дзяржавай.
«Лідэркай сымпатый стала канцлэрка Нямеччыны Ангела Мэркель. Амаль 60 адсоткаў апытаных адзначылі, што цалкам давяраюць кіраўніцы ўраду Нямеччыны. Антылідэрам, ці аўтсайдэрам, гэтага рэйтынгу прагназавана стаў Уладзімір Пуцін — яму не давяраюць больш як 70 украінцаў», — паведаміў першы намесьнік дырэктара цэнтру «Нова Європа» Сяргей Салодкі, прэзэнтуючы 16 сьнежня ў Кіеве вынікі сацыялягічнага апытаньня пра чаканьні ўкраінскага грамадзтва ад зьнешняй палітыкі Ўкраіны.
Другое месца ў рэйтынгу сымпатый украніцаў заняў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда (давяраюць 48,37 % апытаных і не давяраюць — 22,05 %), а трэцяе — прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон (42,43 % і 33,46 % адпаведна).
У Аляксандра Лукашэнкі — чацьвёрты рэйтынг з 37,8 % даверу і 48,28% недаверу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыёлягі зрабілі партрэт украінца, якому найбольш падабаецца Лукашэнка
Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітры Кулеба, камэнтуючы вынікі апытаньня, сказаў, што вітае такія зьмены ў грамадзкай думцы.
«Я рады, што мадэльлю лідэрства для ўкраінцаў стала канцлэрка Нямеччыны Ангела Мэркель, а не прэзыдэнт Беларусі. Наколькі я памятаю, ён раней быў вельмі папулярым ва Ўкраіне. Гэта дэманструе, наколькі да радыкальных і ашаламляльных зьменаў гатова сьвядомасьць простага ўкраінца, калі ён так хутка зьмяняе свае сымпатыі. Гэта цешыць і сьведчыць, што эўрапейская інтэграцыя ўжо на іншым глыбінным узроўні», — сказаў Дзьмітры Кулеба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму з усіх замежных палітыкаў украінцы найлепш ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі?«Ангела Мэркель спраўды паказала сябе сапраўдным лідэрам ва ўмовах пандэміі, і ўкраінцы, відавочна, рашуча схіліліся ў ейны бок», — дадаў міністар замежных справаў Украіны.
Апошнія некалькі гадоў Аляксандар Лукашэнка быў першым у рэйтынгу сымпатый украінцаў да замежных палітыкаў, але летась упершыню перамясьціўся на другое месца, саступіўшы лідэрства канцлэрцы Нямеччыны Ангеле Мэркель.