Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка другі год запар застаецца лідэрам сымпатый украінцаў сярод лідэраў замежных дзяржаў.
Паводле дасьледаваньня сацыялягічнай групы «Рэйтынг», станоўча да яго ставяцца 66% украінцаў, а адмоўна — 17%. Другое месца займае канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель (каля 60% станоўча і 17% адмоўна), а наступнае — прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда (48% і 9%).
Найгорш украінцы ставяцца да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна: 71% — адмоўна, 15% — станоўча, яшчэ 12% — не змаглі вызначыцца.
Пры гэтым узроставая група сымпатыкаў Лукашэнкі і Мэркель прыблізна аднолькавая: яны найбольш падабаюцца людзям ва ўзросьце ад 51 году. Прэзыдэнты Польшчы, Францыі і ЗША, а таксама прэм’ер-міністар Канады больш папулярныя ва аўдыторыі ўзростам да 50 гадоў.
Сярод сымпатыкаў Лукашэнкі большы працэнт бедных і вельмі бедных грамадзян з сярэдняй і сярэдне-спэцыяльнай адукацыяй.
Кіраўнік Беларусі найбольш падабаецца тым грамадзянам, якія на апошніх выбарах у Вярхоўную Раду Ўкраіны галасавалі за «Апазыцыйную плятформу» Віктара Медзьвядчука, «Слугу народу» Ўладзіміра Зяленскага і «Бацькаўшчыну» Юліі Цімашэнкі.
Свае сымпатыі Лукашэнку часьцей аддаюць тыя, хто настальгуе па Савецкім Саюзе, і пражывае ў паўднёвых ды ўсходніх рэгіёнах Украіны.
У апытаньні сацыялягічнай групы «Рэйтынг» з 29 кастрычніка па 4 лістапада ўзялі ўдзел 3 тысячы рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў. Памылка рэпрэзэнтатыўнасьці дасьледаваньня не перавышае 1,8%.