У гэтых рэйтынгах дасьледныя цэнтры далі ацэнкі самых розных аспэктаў жыцьця гэтых краінаў — ад свабоды слова і дзеяздольнасьці дзяржаваў да моцы нацыянальных пашпартоў і коштаў жыцьця.
Прапануем вам агляд асноўных тэндэнцыяў, якія выяўляе параўнаньне рэйтынгаў.
Паводле ўсіх індэксаў, якія вымяраюць ступень дэмакратыі, узровень грамадзянскіх і палітычных свабодаў, Беларусь — сярод найгоршых.
Паводле Індэксу дэмакратыі горшае за Беларусь становішча толькі ў Таджыкістане, Туркмэністане і Ўзбэкістане.
Са свабодай друку ў Беларусі справы таксама кепскія. Яна ў ёй — на ўзроўні Казахстану і Ўзбэкістану, а горш, чым у Беларусі, са свабодай слова толькі ў Азэрбайджане і тых жа Туркмэністане і Таджыкістане.
У Індэксе свабоды Беларусь — нароўні з Расеяй, апярэджваючы Туркмэністан, Таджыкістан, Азэрбайджан.
Гэтыя паказьнікі — сведчаньне таго, што з грамадзянскай і палітычнай свабодай у Беларусі кепска. Аднак варта адзначыць, што прыкладна такім жа ў сэнсе параўнаньняў становішча было і ў папярэднія гады, калі Беларусь яшчэ ня ведала жахаў масавых катаваньняў на Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь-2019 у гадавых рэйтынгах: ад свабоды друку да вайсковай моцы. ІНФАГРАФІКААднак рэйтынгі паказваюць, што ёсьць краіны, дзе становішча з дэмакратыяй і правамі чалавека яшчэ горшае, чым ў Беларусі.
Але паводле іншых парамэтраў сытуацыя ў Беларусі не выглядае такой ужо кепскай.
У рэйтынгу ўмоваў вядзеньня бізнэсу, складзенага Ўсясьветным банкам, паказьнік Беларусі — нароўні з паказьнікамі Армэніі і Малдовы і лепш за паказьнік Украіны.
Індэкс эканамічнай свабоды адносіць Беларусь да краінаў часткова свабодных, яна ў гэтым індэксе прыблізна на такім жа ўзроўні, як Малдова і Расея і мае лепшы паказьнік, чым Украіна.
У індэксе ўспрыняцьця карупцыі Беларусь — сярод чэмпіёнаў у добрым сэнсе, паводле ацэнак насельніцтва сытуацыя лепшая, чым у Беларусі, толькі ў краінах Балтыі і ў Грузіі.
Паводле індэксу законнасьці і парадку Беларусь — прыкладна на адным узроўні з такімі рознымі краінамі, як Казахстан, Кіргізстан, Літва, Латвія, Малдова.