Апошняе слова пры зацьвярджэньні вакцыны — за Эўрапейскай камісіяй, якая звычайна кіруецца рэкамэндацыямі ЕМА адносна новых мэтадаў лячэньня.
У агенцтве паведамілі, што нарада была перанесеная на больш раньнюю дату пасьля таго, як кампаніі-вытворцы далі дадатковую інфармацыю на запыт ЕМА. Адпаведна, Эўракамісія таксама паскорыць сваё справаводзтва, каб ўхваліць вакцыну «цягам некалькіх дзён».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пачалася кампанія вакцынацыі ад COVID-19
Міністар аховы здароўя Нямеччыны Енс Спан заявіў у аўторак, што ўлады краіны пачнуць прышчэпкі ад каранавірусу ўжо праз 24-72 гадзіны пасьля таго, як вакцына ад Pfizer атрымае ўхваленьне ЭЗ, гэта значыць адразу пасьля Калядаў.
Прэзыдэнт Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен падтрымала пляны Нямеччыны, напісаўшы ў Твітары: «Цалкам магчыма, што першыя эўрапейцы атрымаюць вакцыну да канца 2020 году».
Нямеччына, Францыя, Італія, Бэльгія, Люксэмбург, Нідэрлянды, Швэйцарыя і Іспанія будуць каардынаваць пачатак сваіх кампаній вакцынацыі, гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў аховы здароўя гэтых васьмі краін.
У EMA дадалі, што пасьля ўхваленьня працэс вакцынацыі будзе адсочвацца на прадмет бясьпекі і эфэктыўнасьці прышчэпак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне з 16 сьнежня ўводзяць жорсткі локдаўнВялікая Брытанія стала першай краінай, якая ўхваліла вакцыну вытворчасьці Pfizer і BioNTech 3 сьнежня, за ёй гэта зрабілі Канада (9 сьнежня) і ЗША (11 сьнежня).
Яшчэ адна амэрыканская кампанія, чыя вакцына таксама неўзабаве павінна быць ухвалена для прымяненьня ў Эўропе — Moderna — паведаміла пра тое, што эфэктыўнасьць распрацаванага ёю прэпарату значна перавышае 90%. Пра такія ж паказьнікі кажуць і вытворцы вакцыны Pfizer / BioNTech.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ