«Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў» разглядае 294 заявы супраць беларускіх сілавікоў

Кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў (другі справа) разам з падначаленымі на акцыі здушэньня пратэстаў у Менску. 23 верасьня 2020

Ініцыятыва Сьвятланы Ціханоўскай «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў» апублікавала першыя дэталі расьсьледаваньня крымінальных справаў у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі супраць беларускіх сілавікоў.

Заяву пабітага менскага прадпрымальніка Максіма Харошына прыняла да разгляду Генэральная пракуратура Літвы і завяла крымінальную справу па факце гвалту. Харошына затрымалі ў двары дому ў Менску, пабілі, павезьлі ў РУУС і білі таксама там. Сілавікі давялі прадпрымальніка да стану, калі давялося выклікаць «хуткую дапамогу», паведамляе Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў (АКРЗ) у адмысловым прэс-рэлізе.

У выпадку вызначэньня вінаватых асобаў іх вышук абвесьціць Інтэрпол, у сувязі з чым іх могуць затрымаць практычна ў кожнай краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Літвы пачала дасудовае рассьледаваньне аб гвалце міліцыі ў Менску

У заяве Максіма Харошына гаворыцца, што незаконныя дзеяньні супраць яго ўчынілі 13 кастрычніка: на вуліцы Ўльянаўскай у Менску спынілі машыну, у якой прадпрымальнік ехаў з жонкай, пад пагрозай пісталета павалілі на зямлю ў лужыну крыві, надзелі кайданкі і правялі незаконны ператрус у аўтамабілі. Пазьней, ужо ў Першамайскім РУУС, Харошына «прымушалі падпісваць сфабрыкаваныя пратаколы аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Пасьля адмовы прадпрымальніка яго зноў білі.

Паводле вэрсіі Харошына, якая вынікае з напісанага ў заяве, білі, пакуль ён не пачаў траціць прытомнасьць. Сярод доказаў сьледзтва мае:

  • відэазапіс з мабільнага тэлефона, дзе зафіксаваны момант загрузкі Харошына ў мікрааўтобус, бачныя ўдзельнікі затрыманьня і іхны транспарт;
  • вынікі першаснага агляду хірургам і загадчыкам аддзяленьня, у тым ліку анамнэз пацыента;
  • вынікі агляду лекарам Максіма Харошына;
  • фатаграфіі сьлядоў пабіцьця на нагах, ягадзіцах і твары;
  • відэазапіс, які фіксуе стан адзеньня Харошына пасьля затрыманьня. Адзеньне са сьлядамі крыві.

На падставе сабраных матэрыялаў апазнаныя падазраваныя сілавікі і вызначаны склад іх злачынстваў.

У выніку разгляду справы Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў вызначыла, што Максіма Харошына затрымаў начальнік ГУБАЗіК палкоўнік Мікалай Карпянкоў, які дзейнічаў разам з падначаленымі зь перавышэньнем паўнамоцтваў. Гвалт у Першамайскім РУУС адбыўся пры патураньні начальніка РУУС Андрэя Бакача.

У дзеяньнях Мікалая Карпянкова зьбіральнікі доказаў бачаць прыкметы злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі КК:

  • арт. 128 «Злачынства супраць бясьпекі чалавецтва»;
  • ч. 2 арт. 182 «Выкраданьне чалавека»;
  • ч. 3 арт. 426 «Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

У дзеяньнях Андрэя Бакача:

  • арт. 128 «Злачынства супраць бясьпекі чалавецтва»;
  • ч. 3 арт. 425 «Бязьдзейнасьць службовай асобы».

Зьвесткі па заяве Максіма Харошына і матэрыялы праверак іншых злачынстваў пасьля апрацаваньня юрыстамі АКРЗ уносяцца ў санкцыйныя сьпісы і перадаюцца ў суд унівэрсальнай юрысдыкцыі ў Літве.

У гэты момант разглядаюцца 294 заявы. Дэталі злачынстваў і імёны падазраваных юрысты абяцаюць апублікаваць 20 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Ціханоўскай падаў першую заяву на расьсьледаваньне злачынстваў беларускіх сілавікоў па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, падазраваны Карпянкоў

Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў — праект юрыстаў, створаны на ініцыятыву экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай. Гэта архіў доказаў злачынстваў беларускіх сілавікоў у часы кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Задача плятформы — зьбіраць матэрыялы і праводзіць праверкі заяваў аб злачынствах, якія выкарыстаюць будучыя беларускія судовыя органы і міжнародныя праўныя арганізацыі для вынясеньня прысудаў і рыхтаваньня крымінальных справаў у межах беларускага і міжнароднага права.