Афіцыйна: рыхтаваліся да падпалаў і пагромаў
Справу разглядае судзьдзя Васіль Аляхновіч. Падтрымаць фігурантаў прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, аднак у залю пусьцілі толькі 11 зь іх. Прычына — каранавірус.
Падсудныя Ўладзімер Гарох і Дзяніс Кірэшчанка знаходзяцца пад вартай ужо 4 месяцы.
Уладзімеру Гароху 47 гадоў. Апошнім часам працаваў рамесьнікам у Гомельскай вобласьці. Жанаты, 4 дзяцей, адзін зь іх непаўналетні. Гароха затрымалі 18 жніўня. Вінавацяць у «падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў» (частка 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і публічнай абразе прэзыдэнта (частка 1 артыкулу 368 КК Беларусі). Санкцыі першага артыкулу прадугледжваюць пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, другога — да 2 гадоў.
Дзяніса Кірэшчанку затрымалі ў ноч на 8 жніўня, ноччу правялі ператрус. Кірэшчанку 36 гадоў, разьведзены, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Працаваў індывідуальным прадпрымальнікам. У маладосьці служыў на таджыцка-аўганскай мяжы. Яго вінавацяць у «іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках» (частка 3 артыкулу 293 КК Беларусі). Яму пагражае да 3 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Наваградку перад выбарамі затрымалі мужчыну, які падвозіў мясцовага актывіста. Ён дагэтуль за кратаміУ чым вінавацяць Уладзімера Гароха
Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, Гарох з чэрвеня па 9 жніўня правёў шэраг сустрэч у Карэліцкім, Наваградзкім, Дзятлаўскім, Лідзкім раёнах, каб падрыхтаваць удзельнікаў да масавых мерапрыемстваў. У некаторых сустрэчах удзельнічаў Кірэшчанка.
Па афіцыйнай вэрсіі, Гарох падчас сустрэч расказваў, што 10 жніўня плянуе
- падпальваць будынкі Наваградзкага і Карэліцкага райвыканкамаў;
- супраціўляцца ўладам з выкарыстаньнем бэнзапілаў і «кактэйляў Молатава»;
- блякаваць дарогу паміж Карэлічамі і Наваградкам сьпілаванымі дрэвамі.
Аднак Гарох нічога не пасьпеў зрабіць, бо ягоную дзейнасьць праваахоўнікі выявілі 7 жніўня і спынілі.
Таксама Гароха вінавацяць у тым, што ён 14 жніўня публічна абразіў прэзыдэнта ў Viber, бо ягоныя дзеці-мэдыкі сядзелі на Акрэсьціна.
У чым вінавацяць Дзяніса Кірэшчанку
Кірэшчанку вінавацяць у тым, што ён на адной з сустрэч прапанаваў выкарыстоўваць адрэзкі арматуры і тэлескапічныя дручкі, каб аказваць супраціў уладам, незарэгістраваную сымболіку. Кірэшчанка, паводле афіцыйнай вэрсіі, паказваў людзям, як трэба карыстацца гэтым дручком. Ён нібыта ведаў людзей, якія гатовыя былі спансаваць куплю ня менш як 150 дручкоў.
Абодва падсудныя віны не прызналі.
«Калі вашае дзіця аддубасяць моцна, я пагляджу»
Гарох расказаў, што апошні год жыў у Хойніцкім раёне ў хрысьціянскім рэабілітацыйным цэнтры. Улетку вярнуўся ў Наваградак. Быў зарэгістраваны ў мясцовым пратэставым чаце ў сацыяльных сетках. Браў удзел у перадвыбарным мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай, засьпяваў са сцэны песьню па-беларуску.
«Мяне натхніў мітынг. Мяне ўсьцешыла, што так шмат салідарных людзей, якія падтрымліваюць альтэрнатыўнага кандыдата», — патлумачыў Гарох.
Яго абураў гвалт на вуліцах яшчэ перад выбарамі. Ён хацеў стварыць каманду, якая будзе падтрымліваць Ціханоўскую, падбадзёрыць запужаных людзей. Не станавіўся даверанай асобай Ціханоўскай, бо іх тады затрымлівалі.
Ён чакаў, што яго затрымаюць за ягоную актыўнасьць. Калі 6 жніўня ўбачыў пад домам міліцэйскую машыну, уцёк у лес. Зь лесу яго вывез Кірэшчанка. Нейкі час мужчына хаваўся ў Лідзкім раёне да затрыманьня. Мужчыны пазнаёміліся ў пачатку жніўня, бо Гарох шукаў чалавека з машынай, каб езьдзіць на сустрэчы са знаёмымі.
Гарох патлумачыў, што на «сустрэчы з хлопцамі» ў Карэлічах ён правяраў людзей для сваёй каманды, каб не наткнуцца на неадэкватных, пітушчых. Таму пытаўся, прыкладам, ці маглі б яны кінуць арматуру на машыну, сьпілаваць дрэва.
Калі на судзе зайшла гаворка, нібыта Гарох меў запас газы і рыхтаваў арматуру, сваякі і сябры ў залі пачалі сьмяяцца.
Гарох расказаў, што казаў пра намётавы гарадок на Замкавай гары зь біятуалетам, каб «прыдаць фарбаў сваім прамовам». Ён патлумачыў, што не гаварыў пра гэта сур’ёзна.
Фігурант патлумачыў, што ягонага сына-фэльчара, які дапамагаў пацярпелым, моцна пабілі і кінулі на Акрэсьціна.
«Калі вашае дзіця аддубасяць добра, я пагляджу, будзеце вы эмацыйна рэагаваць ці не... Я цяпер крыху расхваляваўся. Я больш не магу працягваць размову на гэтую тэму... Асадак дагэтуль у мяне ў душы... Я некалькі дзён хадзіў проста прыбіты гэтай навіной», — патлумачыў Гарох.
Па словах Гароха, Кірэшчанка выконваў ролю кіроўцы, ён ня ведаў мэты сустрэчы. Калі чуў перамовы з хлопцамі пра арматуру, пасьмейваўся, не ўспрымаў гэта ўсурʼёз.
Кірэшчанка расказаў, што пазнаёміўся з Гарохам, калі той шукаў, хто бы яго падвёз «на раён». Ён думаў, што Гароху трэба дапамагчы распаўсюдзіць улёткі. Ён падвозіў Гароха двойчы.
Падчас адной з сустрэч з хлопцамі ён папярэдзіў Кірэшчанку: «Калі пачуеш, што я буду гаварыць, не ўспрымай сурʼёзна».
Кірэшчанка сказаў, што і не ўспрымаў сурʼёзна словы Гароха.
Пасьля перапынку працягнуць допыт абвінавачаных, а потым сьведак.
Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН