Крысьціна Бандурына:
Our lives are not our own. We are bound to others, past and present, and by each crime and every kindness, we birth our future.
Нашы жыцьці не належаць нам. Мы зьвязаны зь іншымі, у мінулым і цяпер, і кожнай нашай правінай ды кожнай добрай справай нараджаем нашу будучыню.
(David Mitchell, «Cloud Atlas»)
У тэорыі хаосу гэта называецца «эфэктам матылька». Хаос чалавечага жыцьця вызначаецца біблейскім выслоўем «пасееш вецер — пажнеш буру». Прасьцей кажучы, кожны наш крок, кожны ўчынак вызначае, якімі мы станем, якое жыцьцё пражывём, што атрымаем у канцы. Я заўсёды пра гэта памятаю і стараюся не рабіць таго, чаго б не жадала самой сабе, таму што мы не аўтаномныя, як бы нам таго ні хацелася: усё, што мы робім, закранае кагосьці — блізкіх і незнаёмых. Усё, што мы робім, пасьля нам вяртаецца. І калі мы робім злое, ня трэба пасьля зьдзіўляцца, за што нам «прыляцела».
Call him Voldemort, Harry. Always use the proper name for things. Fear of a name increases fear of the thing itself.
Называй яго Валдэморт, Гары. Усе рэчы трэба называць сваімі імёнамі. Страх перад іменем толькі павялічвае страх перад самой рэччу».
(J. K. Rowling, «Harry Potter and the Sorcerer’s Stone»; пераклад Алены Пятровіч)
Цытата блізкая нам сёньня як ніколі. Для большага разуменьня, чаму я выбрала менавіта яе для гэтай падборкі, прывяду яшчэ адну. У экранізацыі апошняй часткі знакамітага раману Джаан Роўлінг ёсьць алюзія на гэтае выказваньне Альбуса Дамблдора: And his name is Voldemort, so yes, you might as well use it, heʼs going to try to kill you either way/Яго завуць Валдэморт. Называйце яго па імені. Ён у любым выпадку паспрабуе вас забіць.
Зло мусіць быць названае злом. Рэпрэсіі — рэпрэсіямі. Забойства — забойствам. Усе адказныя мусяць мець імёны, інакш безыменныя злачынцы застануцца беспакаранымі і будуць толькі пашыраць наш страх перад імі. Няма ніякіх «шэфаў», «неабыякавых грамадзян», «алівак» і іншых займеньнікаў, як не было і «правадыроў», «фюрэраў», «бацькаў». За кожным з гэтых эўфэмізмаў былі канкрэтныя людзі, і менавіта яны аддавалі загады, выконвалі іх, зьдзяйсьнялі ўчынкі, ад якіх залежалі чалавечыя лёсы. Памяць пра гэта дапамагае мне захоўваць павагу да сябе: прыйсьці за мной могуць у любым выпадку, за што заўгодна — так мы сёньня жывём; таму кожны раз, калі мне хочацца прыдумаць якое-небудзь слова, напісаць «былы прэзыдэнт», я выдаляю і пішу «Лукашэнка».
Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш.
(Уладзімір Караткевіч «Ладзьдзя Роспачы»)
Мне здаецца, Уладзімір Сямёнавіч нешта такое ведаў пра беларусаў, таму што гэтая цытата як ніякая іншая гаворыць шмат пра беларускі пратэст. Ніхто не чакаў, што ён акажацца такім яркім, такім упартым і пасьлядоўным. Ніхто не чакаў, што культываваны савецкім часам «маленькі чалавек» перарасьце ў «маленькага героя» сучаснасьці. Што такімі сьмелымі і самаахвярнымі будуць беларускія жанчыны, што так шмат беларускіх мужчын, прайшоўшы праз катаваньні і нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня, усё адно будуць выходзіць — «за нашу і вашу свабоду». Крэатыўнасьць беларусаў, вынаходлівасьць і неверагодная сьмеласьць сёньня зьдзіўляюць увесь сьвет.
Крысьціна Бандурына — паэтка, рэдактарка паэзіі, аўтарка паэтычнага зборніка «Homo».
Выбар рэдакцыі:
There is bound to be a certain amount of trouble running any country. If you are president the trouble happens to you, but if you are a tyrant you can arrange things so that most of the trouble happens to other people.
Кіраваньне любой краінай абавязкова спрычыняе клопат. Калі вы прэзыдэнт, гэты клопат валіцца на вас, але калі вы тыран, вы можаце наладзіць усё так, што большасьць гэтага клопату зваліцца на іншых людзей.
(Дон Маркіс)
Дон Маркіс (Donald Robert Perry Marquis, 1878–1937) — амэрыканскі гумарыст, журналіст і пісьменьнік.
Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.