Чацьвярых азэрбайджанскіх вайскоўцаў арыштавалі за злачынствы ў Нагорным Карабаху

Генэральная пракуратура Азэрбайджану паведаміла аб арышце чатырох вайскоўцаў гэтай краіны за злачынствы ў зоне карабахскага канфлікту

Паводле паведамленьня, двух вайскоўцаў падазраюць у зьдзеках зь целаў загінулых армянскіх вайскоўцаў падчас баёў на тэрыторыі Зангеланскага раёну. Акрамя таго, іх западозрылі ў здымках сваіх дзеяньняў на тэлефон і пашырэньні гэтага відэа ў сацыяльных сетках.

Яшчэ дваіх азэрбайджанскіх вайскоўцаў падазраюць у разбурэньні каменных плітаў на армянскіх магілах на могілках у Хаджавэндзкім раёне, здымках актаў вандалізму і таксама ў распаўсюдзе відэазапісаў у сацсетках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Армэніі паведаміў пра абмен палоннымі паводле прынцыпу «ўсіх на ўсіх»

«Генэральная пракуратура Азэрбайджанскай Рэспублікі заяўляе, што вышэйзгаданыя злачынныя дзеяньні, учыненыя вайскоўцамі Азэрбайджанскай Рэспублікі, недапушчальныя і супярэчаць мэнталітэту азэрбайджанскага народу, які ёсьць талерантным, шматкультурным і гістарычна гуманным. Асобы, якія дапусьцілі аналягічныя парушэньні, будуць прыцягнуты да адказнасьці з ужываньнем мераў, прадугледжаных законам», — гаворыцца ў паведамленьні.

Усе чацьвёра вайскоўцаў арыштаваныя, паведаміла пракуратура.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню ад 10 лістапада парушана замірэньне паміж Азэрбайджанам і Армэніяй

Раней сёньня стала вядома, што ў Армэніі з 19 сьнежня абвешчаная трохдзённая жалоба. Таксама прэм’ер-міністар краіны Нікол Пашыньян паведаміў, што чакаецца працэс абмену палоннымі з Азэрбайджанам. Ідзецца пра палонных, асобы якіх пацьвердзілі Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і Баку.

Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам наконт Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні Нагорна-Карабаскай рэспублікі.

За пэрыяд узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у Карабаху загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысячаў чалавек, у асноўным этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра пяць тысяч забітых: «Ну і што?»

Нагорна-Карабаская рэспубліка афіцыйна не прызнаная ніводнай краінай ААН, у тым ліку і Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з рэгіёну Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.

Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны горад Шуша (арм. Шушы). На наступны дзень пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.

Паводле дамовы, за Армэніяй і Азэрбайджанам застаюцца тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі судакрананьня разьмешчаная міратворчая місія Расеі.