За адно слова ў Тэлеграме: былога кантрактніка ўнутраных войскаў пакаралі «хіміяй» за абразу міліцыянта

Суд Віцебскага раёну, архіўнае фота

Суд Віцебскага раёну 11 сьнежня асудзіў Ягора Карапузава на паўтара года «хіміі» за слова «тварь», якое той ўжыў у паведамленьні ў тэлеграм-канале «Банда Лукі».

Суд палічыў гэта «публічнай абразай прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў».

Справу разглядаў судзьдзя Міхаіл Зубеня. Пацярпелы — намесьнік начальніка аддзелу аховы правапарадку Чыгуначнага РАУС Віцебску маёр міліцыі Андрэй Зуеў, паведамляе «Віцебская вясна».

«Ребята из Витебска, подскажите, пожалуйста, координаты на майора Зуева Железнодорожного РОВД... Хочу уточнить, ту ли тварь ищу или нет» — гэтак выглядала паведамленьне, якое абразіла маёра Зуева.

Як сказаў Ягор Карапузаў, 11 жніўня яго затрымалі паводле арт. 23.34 КаАП і ў аддзяленьні міліцыі ў яго адбыўся канфлікт з адным з супрацоўнікаў. Той падышоў да яго і сказаў: «Раб, нашто табе свабода? Што ты зь ёю будзеш рабіць?». Гэта для Ягора было поўнай зьнявагай. Ён пачаў спрачацца і сварыцца зь міліцыянтам, а потым, калі сядзеў у ізалятары, сукамэрнікі яму сказалі, што гэта, хутчэй за ўсё, Зуеў, і параілі напісаць у суполку «Банда Лукі» ў Тэлеграме, каб яму далі каардынаты таго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пінчуку далі два гады «хіміі» за абвінавачаньне міліцыянта ў генацыдзе

Адвакат абвінавачанага настойваў, што слова «тварь» ня несла ў сабе абразы. Больш за тое, было ўжытае ня ў тым сказе (прычым — пытальным), у якім згадваецца прозьвішча Зуева. Гэта былі два розныя сказы, дзьве закончаныя думкі, кажа Ягор Карапузаў, але суд на гэта не зьвярнуў увагі, а лінгвістычная камісія прыйшла да высновы, што ён абразіў Зуева. Таксама суд апэляваў да ня вельмі станоўчай характарыстыкі, якую даслалі зь месца былой працы Карапузава ва ўнутраных войсках.

Віцяблянін расказаў, што яго выклікалі ва ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС і прасілі запісаць відэа з прабачэньнямі перад Зуевым і ўсімі супрацоўнікамі. Ён згадзіўся («Маёр Зуеў, калі гэта былі ня вы, то выбачайце...»), але на судзе супрацоўнік МУС заявіў, што гэтыя прабачэньні ўспрымае як няшчырыя і не прымае.

Судзьдзя прызнаў Ягора Карапузава вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і пастанавіў пакараць яго абмежаваньнем волі на паўтара года ў папраўчай установе адкрытага тыпу (пракурор прасіў 3 гады). Таксама суд запатрабаваў выплаціць міліцыянту 500 рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Горадні, які распыліў газ на «чалавека ў цывільным», асудзілі на 4 гады «хіміі»