Заяву падпісалі праваабарончыя арганізацыі:
- «Прававая ініцыятыва»,
- «Human Constanta»,
- «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар»,
- «Зьвяно»,
- «Прававая дапамога насельніцтву»,
- «Цэнтар па прасоўваньні правоў жанчын».
Юрысты, спасылаючыся на шматлікія публікацыі ў СМІ, пералічваюць храналёгію перасьледу і катаваньні ў дачыненьні да Вольгі: неаказаньне мэдыцынскай дапамогі, холад у камэры, прападаньне зь перадачы шампуню супраць вошай, а таксама знаходжаньне без зубной пасты, шчоткі, ручнікоў і зьменнай бялізны 4 дні з моманту затрыманьня.
Праваабаронцы адзначаюць, што падобныя дзеяньні зьяўляюцца перасьледам за палітычныя погляды і парушэньнем права на мірныя сходы і выказваньне думкі. Любое пазбаўленьне волі за мірную рэалізацыю правоў чалавека зьяўляецца адвольным, яно парушае права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольгу Хіжынкову сёньня чакалі з турмы, але яе ня выпусьцілі. Яна правядзе ў зьняволеньні яшчэ 9 содняўУ рамках праверкі праваабаронцы патрабуюць ад пракуратуры наведаць Вольгу, а таксама:
- запатрабаваць запісы відэакамэр з калідораў і камэры, дзе Хіжынкова знаходзілася і знаходзіцца, а таксама ўнутранага дворыка;
- запатрабаваць зьвесткі аб аказаньні мэдыцынскай дапамогі, а таксама аб фактах звароту супрацоўнікаў ЦІП ў Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі;
- запатрабаваць зьвесткі аб санітарна-эпідэміялягічных захадах, якія праводзяцца, у тым ліку пад кіраўніцтвам Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі.