Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольгу Хіжынкову сёньня чакалі з турмы, але яе ня выпусьцілі. Яна правядзе ў зьняволеньні яшчэ 9 содняў


Сябры чакаюць Вольгу Хіжынкову на Акрэсьціна
Сябры чакаюць Вольгу Хіжынкову на Акрэсьціна

Міс «Беларусь-2008» і былая прэс-сакратарка футбольнага клюбу «Дынама» (Берасьце) Вольга Хіжынкова ня выйдзе на свабоду пасьля больш чым месяца ў зьняволеньні.

Пра гэта паведамілі супрацоўнікі Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна.

Сустракаць паплечніцу прыйшлі вядомыя спартоўцы, некаторыя да таго таксама адбывалі адміністрацыйны арышт: Андрэй Краўчанка, Іван Ганін, Васіль Хамутоўскі, Канстанцін Якаўлеў, Сьцяпан Папоў, Вольга Барабаншчыкава ды іншыя.

Яны разьлічвалі, што Вольга мае выйсьці менавіта 11 сьнежня, бо меркавалася, што тэрмін за трэці суд будзе адлічвацца з моманту яе затрыманьня. Аднак у разьлічаны час яна з турэмнай брамы так і ня выйшла.

Муж Іван так і не дачакаўся Вольгі
Муж Іван так і не дачакаўся Вольгі

«Мы чакалі, што а 17:30 Вольга выйдзе да нас... Марна. Буду тэлефанаваць адвакату, каб даведацца, у чым прычына, і чаму яна далей адбывае тэрмін», — сказаў яе муж Іван.

Вольга Хіжынкова на «Маршы герояў». Менск, 13 верасьня
Вольга Хіжынкова на «Маршы герояў». Менск, 13 верасьня

Вольгу Хіжынкову затрымалі 8 лістапада падчас акцыі пратэсту, пазьней яна была пакараная 12 днямі арышту. Неўзабаве яе судзілі паводле таго ж артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і дадалі яшчэ 15 дзён.

Сьледам прайшоў трэці суд, які пакараў маладую жанчыну яшчэ 15 днямі арышту.

Вольга Хіжынкова, як вынікае, правядзе пад арыштам яшчэ 9 дзён: тэрмін з трэцяга суду прыплюсуюць да першых двух.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG