Беларускія дыяспары па ўсім сьвеце працягваюць нагадваць урадам сваіх дзяржаў пра змаганьне на радзіме за дэмакратыю. На выходных яны зладзілі некалькі сустрэч, сходаў і пісалі лісты і паштоўкі палітвязьням.
Задзейнічаныя, як звычайна, былі беларусы, якія жывуць як ва Ўсходняй, так і ў Заходняй паўкулі.
- У расейскай Маскве мясцовыя адаслалі лісты і паштоўкі палітвязьням у Беларусі. У Остыне, штат Тэхас, ЗША зрабілі «беларускую ялінку». Лёзунгам яе зрабілі «ў новы год без пацука», бо паводле кітайскага календару 2020-ы быў годам Пацука. У Лёндане, Вялікая Брытанія, да акцыі салідарнасьці далучыўся Санта Клаўс, які прымаў паштоўкі беларускім палітвязьням.
- У нямецкай сталіцы Бэрліне арганізавалі вялікую сустрэчу дыяспары са Сьвятланай Ціханоўскай, якая пазьней паразмаўляла са Сьвятланай Алексіевіч.
- Адбыліся і чарговыя акцыі салідарнасьці, на якія мясцовыя беларусы выйшлі ў сталіцы ЗША Вашынгтоне, Мінэапалісе, нямецкім Кёльне, швэдзкіх Гётэборгу і Стакгольме;
У Нью-Ёрку, ЗША да беларускай акцыі далучыўся вядомы расейскі блогер Максім Кац, які выступіў перад удзельнікамі.