У Менску людзі сталага веку сабраліся каля Чырвонага касьцёла на свой адзінаццаты марш пратэсту супраць гвалту і беззаконьня.
На апошніх маршах сілавікі не давалі пратэстоўцам рухацца праспэктам Незалежнасьці, блякавалі і расьсякалі калёну, затрымлівалі і судзілі ўдзельнікаў. Гэтак выйшла і цяпер.
Каля сотні пэнсіянэраў сабраліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску з нацыянальнымі сьцягамі. Праспэкт быў перакрыты, таму яны пачалі ладзіць акцыю на плошчы, вадзілі карагод вакол ялінкі і гукалі «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!» Плошчу атачылі жоўтыя аўтобусы і мікрааўтобусы з сілавікамі, карагод разагналі, удзельнікаў акцыі пратэсту затрымалі і забралі ў аўтобусы.
16.30. На Маршы пэнсіянэраў затрымалі каля 40 чалавек. Затрыманых даставілі ў Кастрычніцкі РУУС Менску. Каля пастарунку дзяжурыць брыгада хуткай дапамогі.
15.30.Невялікая група пэнсіянэраў сабралася і каля чыгуначнага вакзалу ў Менску і пакінула там інсталяцыю.
15.15. Як піша канал «Мая краіна Беларусь», затрымалі ўсіх, каго маглі, а адпусьцілі толькі Яна Грыба і Ніну Багінскую. Пасьля затрыманьняў адкрылі ўваход у станцыю мэтро «Плошча Леніна».
15.00. Карагод пэнсіянэраў на плошчы Незалежнасьці скончыўся. Цяпер вакол ялінкі стаяць сілавікі ў чорным.
14.55. Некаторыя ўдзельнікі акцыі адышлі на ганак Чырвонага касьцёла.
14.50. Сілавікі атачылі плошчу Незалежнасьці і пачалі затрымліваць пэнсіянэраў, якія вадзілі карагод вакол ялінкі, і адводзіць іх у аўтобусы, паведамляе Онлайнер. Сілавікі не прапускаюць да плошчы нават грамадзкі транспарт.
14.45. Менскі метрапалітэн закрыў уваход у вэстыбюль станцыі «Плошча Леніна» з боку плошчы Незалежнасьці.
14.40. Праспэкт Незалежнасьці перакрыты. Паводле каналу «Глаза Минска», ДАІ перакрыла выезд на праспэкт Незалежнасьці з боку вакзалу і вуліцы Маскоўскай. Уздоўж праспэкту стаяць аўтобусы сілавікоў.
Удзельнікі маршу скандуюць: «Сыходзь!»
14.38. На менскі «Марш мудрасьці» на плошчу Незалежнасьці прыбылі сілавікі, патрабуюць разысьціся.
14.35. Пэнсіянэры таксама зьбіраюцца і на менскім вакзале, там іх каля 20.
14.30. Каля 20 пэнсіянэраў выйшлі на марш у цэнтры Горадні. Яны трымалі бел-чырвона-белыя парасоны, гукалі «Жыве Беларусь!». Зьбіраліся ў іншым месцы, ня там, дзе раней.
Цяпер іх не суправаджала міліцыя, але здымалі «людзі ў цывільным». Удзельнікі маршу разышліся, затрыманьняў не было відаць.
14.25. Каля кінатэатру «Цэнтральны» стаяць вялікія жоўтыя аўтобусы без нумароў. Паводле відавочцаў, унутры аўтобусаў сілавікі.
14.20. «Марш мудрасьці» ў Менску пачаўся з карагоду вакол ялінкі і выгуканьня «Жыве Беларусь!».
14.15. Сярод удзельнікаў акцыі заўважылі Ніну Багінскую з нацыянальным сьцягам і Яна Грыба.
14.00. Людзі пачалі зьбірацца ля Чырвонага касьцёла. Сабраліся каля сотні чалавек, ёсьць нацыянальныя сьцягі. Тут жа відаць машыны ДАІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Беларусі прайшлі дваровыя маршы 13 сьнежня. Галоўнае ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школьнікам паказваюць прапагандысцкі фільм пра нацыяналістаў часоў вайны. Што гэта за стужка?