У Нямеччыне з 16 сьнежня ўводзяць жорсткі локдаўн

Паліцыя на апусьцелых вуліцах Франкфурту, 12 сьнежня 2020 году

Нямеччына з 16 сьнежня ўзмоцніць локдаун, бо барацьба з другой хваляй каранавірусу пакуль не прыносіць жаданых вынікаў. Аб гэтым заявіла 13 сьнежня канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

Мэркель адзначыла, што ўрады земляў узгаднілі з фэдэральнымі ўладамі новыя карантынныя захады, якія ўключаюць закрыцьцё большасьці крамаў да канца калядных сьвятаў.

На працягу ўзгодненага пэрыяду, які пачнецца 16 сьнежня і будзе доўжыцца да 10 студзеня, школы таксама будуць зачыненыя. Працаваць будуць толькі асноўныя ўстановы: супэрмаркеты, аптэкі, банкі і заправачныя станцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць памерлых ад COVID-19 у Эўропе набліжаецца да 300 тысячаў, — Reuters

Нямеччына ўжо шэсьць тыдняў жыве ва ўмовах частковага локдаўну, у прыватнасьці там зачыненыя ўстановы грамадзкага харчаваньня.

Але колькасьць інфікаваных каранавірусам і зьвязаных зь ім сьмяротных выпадкаў у Нямеччыне, як і ў іншых эўрапейскіх краінах, расьце.

У сьвеце на 13 сьнежня выявілі больш за 71,7 мільёна інфікаваных каранавірусам, памерлі больш за 1,6 мільёна чалавек, ачунялі 47 мільёнаў.