Прадстаўнікі нарвэскай кампаніі Yara правялі перамовы з кіраўніцтвам «Беларуськалію» і незалежнымі прафсаюзаў.
Генэральны дырэктар Yara International Свайн Тур Гульсэтэр, карпаратыўны прадстаўнік супрацоўнікаў кампаніі, і два мэнэджары наведалі Менск, дзе 10 сьнежня сустрэліся з кіраўніцтвам «Беларуськалію» і прадстаўнікамі незалежных прафсаюзаў, паведаміў Беларускі незалежны прафсаюз.
Паводле Свайна Гульсэтэра, у Беларускай калійнай кампаніі абмеркавалі адпаведнасьць «Беларуськалію» Кодэксу паводзін для бізнэс-партнэраў Yara. Нарвэская кампанія паабяцала апублікаваць паляпшэньні, узгодненыя з кіраўніцтвам «Беларуськалію».
Таксама прадстаўнік Yara сустрэўся з старшынёй афіцыйнага прафсаюзу. Гаварылі пра пытаньні аховы працы, тэхніку бясьпекі, няшчасныя выпадкі і сьмерці на прадпрыемстве, дыскрымінацыю па прыкмеце сяброўства ў прафсаюзе, пакараньні за ўдзел у страйку.
Потым у пасольства Швэцыі запрасілі прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў:
- прэзыдэнта Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука,
- старшыню Беларускага незалежнага прафсаюзу Максіма Пазьнякова,
- міжнароднага сакратара БНП Лізавету Мерляк.
Яны абмеркавалі з прадстаўнікамі Yara сытуацыю з правамі працоўных на «Беларуськаліі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будучая міністарка эканомікі Літвы абяцае разгледзець санкцыі супраць «Беларуськалію»Yara зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце пакупніком мінэральных угнаеньняў. Беларусь для Yara — адна зь дзевяці краін, дзе яна купляе ўгнаеньні.
Кампанія неаднойчы выказвала заклапочанасьць парушэньнем правоў салігорскіх шахтароў.
Страйкам «Беларуськалію» неаднаразова заяўляў пра перасьлед уладамі і кіраўніцтвам прадпрыемства работнікаў, якія выказвалі нязгоду з афіцыйнымі вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, у тым ліку шляхам удзелу ў вулічных акцыях і страйках.
Менскі абласны суд прызнаў страйк на прадпрыемстве незаконным.