У Менскім аэрапорце затрымлівалі карэспандэнта тэлеканалу «Настоящее время»

Раман Васюковіч працуе на акцыі пратэсту ў Менску

Карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» ў Беларусі Раман Васюковіч быў затрыманы ў аэрапорце Менску ў пятніцу вечарам. Пра гэта рэдакцыі паведаміў сам Васюковіч. Ён вяртаўся з службовай выправы ў Кіеў.

Паводле журналіста, супрацоўнікі памежнай службы канфіскавалі ў яго ноўтбук і дакумэнты, не тлумачачы прычынаў сваіх дзеяньняў. Пра затрыманьне тэлеканалу стала вядома каля 22-й паводле менскага часу. Каля 22:30 Раман Васюковіч перастаў выходзіць на сувязь. Яшчэ праз паўгадзіны стала вядома, што Васюковіча адпусьцілі, не вярнуўшы кампутар.

Удзень у суботу, 12 сьнежня, Дзяржаўны памежны камітэт заявіў у сваім тэлеграм-канале, што памежнікі не затрымлівалі Васюковіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты

На працягу некалькіх месяцаў Васюковіч актыўна асьвятляў масавыя пратэсты ў Беларусі.

У кастрычніку Міністэрства замежных спраў Беларусі пазбавіла акрэдытацыі журналістаў тэлеканалу «Настоящее время», як і журналістаў ўсіх іншых замежных СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Настоящее Время» прызналі ў Расеі «замежным агентам». Тлумачым як працуе тэлеканал
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеных Кацярыну Андрэеву, Кацярыну Барысевіч і Дар’ю Чульцову намінавалі на прэмію «Журналіст года-2020»