«Людзі пачынаюць адчуваць сябе народам». Пра што піша зьняволены блогер Зьміцер Казлоў

Зьміцер Казлоў ў студзені 2020-га ў Праваабарончым цэнтры «Вясна» пасьля адміністрацыйнага арышту.

Палітвязень Зьміцер Казлоў (блогер Шэры кот), якога трымаюць у менскім СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, перадаў, што ў ягонай справе «ўсё пакуль ціха, няма ніякага руху».

Пра гэта ён піша ў лісьце, які атрымала літаратарка Паліна Сьцепаненка.

32-гадовы блогер з Барані Зьміцер Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня разам з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» Арцёмам Чарняком і Міхаілам Бандарэнкам. Яго асудзілі на 20 дзён арышту, пасьля адбыцьця якіх ён мусіў выйсьці на волю 30 чэрвеня. Аднак Зьмітра пакінулі за кратамі — ён стаў новым фігурантам справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Блогера з Акрэсьціна перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

У лісьце, які быў адпраўлены 28 лістапада і дайшоў 10 сьнежня, Зьміцер Казлоў шкадуе, што яму не ўдалося трапіць на фэстываль Уладзімера Караткевіча, «хоць вельмі хацеў бы».

«Сытуацыя ў краіне, гляджу, усё такая ж напружаная, паводле маіх зьвестак, ужо 144 палітвязьні, а ўсяго тыдзень таму быў 121, — піша Зьміцер Казлоў. — У маёй справе ўсё пакуль ціха, няма ніякіх рухаў».

Паліна Сьцепаненка сказала Свабодзе, што атрымала ад Зьмітра паштоўку і чатыры лісты.

«Няважна, чым усё скончыцца 9 жніўня, для мяне важна тое, што, знаходзячыся на свабодзе, зрабіў усё, што было ў маіх сілах, каб абудзіць людзей ад сну розуму і адкрыць вочы на сацыяльна-палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў краіне, — піша ў лістах блогер. — Прыемна бачыць, што людзі пачынаюць адчуваць сябе народам, а ня проста насельніцтвам нейкай безназоўнай тэрыторыі. Гэта не мае словы, гэта тое, што мне пішуць многія людзі».

Зьміцер Казлоў вядзе стрым з выставы «Лісты палітвязняў з 1996 года да нашых дзён». Ворша, 23 лістапада 2018 году

Паліна Сьцепаненка пазнаёмілася з блогерам падчас выставы «Лісты палітвязняў ад 1996 году да нашых дзён» у 2018 годзе.

«Зьміцер — сірата, у яго нікога няма. Маці памерла паўтара года таму, а перад гэтым бацька. Працаваў ён у розных месцах, на ільнокамбінаце напрыклад, пасьля заняўся блогінгам. Харошы хлопец, вельмі шчыры. Быў кандыдатам у дэпутаты на мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў, — сказала актывістка. — Ён спачатку доўга сядзеў на „сутках“, яму далі 120 дзён за акцыі за незалежнасць».

Зьміцер Казлоў, блолер, вядомы як Шэры кот.

Праваабаронцы «Вясны» кажуць, што пакуль няма ніякай інфармацыі пра Зьмітра Казлова.

«Блогераў ізалявалі. Я падазраю, што там і ніякіх сьледчых дзеяньняў не вядзецца. Іх усіх затрымалі паводле артыкула 342 і па гарадзенскіх падзеях, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага, незалежна ад таго, быў там нехта зь іх ці не, — кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Гэта відавочныя адвольныя затрыманьні, яны думалі іх ізаляваць на пэрыяд выбарчай кампаніі, а потым паціху выпусьціць. А тут народ паўстаў, і вызваляць іх страшна, а час ідзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалаю Статкевічу і блогеру Дзьмітрыю Казлову прад’явілі абвінавачаньне ў крымінальнай справе