У пачатку сьнежня з прадпрыемства «Гродна Азот» зьехалі штрайкбрэхеры. Яны прыбылі ў пачатку лістапада замяніць супрацоўнікаў, якія далучыліся да страйку.
Інфармацыю пра ад’езд работнікаў «Нафтану» і Гомельскага хімічнага заводу пацьвердзіў лідэр страйкаму «Азоту» Юры Рававы. Паводле ягоных зьвестак, 5 сьнежня штрайкбрэхераў на горадзенскім прадпрыемстве ўжо не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спыніўся страйк і вырасьлі заробкі. Што адбываецца на «Гродна Азот»Як паведамлялі раней дзяржаўныя СМІ, у пачатку лістапада для забесьпячэньня бесьперапыннага хімічнага працэсу на «Гродна Азот» накіравалі 40 супрацоўнікаў «Нафтану», Гомельскага хімічнага заводу і «Магілёўхімвалакна».
«Яны там наагул не былі патрэбныя. Зрабілі такі крок (узялі штрайкбрэхераў), каб застрашыць людзей, што ім знойдуць замену, і каб адрапартаваць наверх, што робяць захады. А тут сытуацыя „супакоілася“, і вярнуліся дадому», — мяркуе Юры Рававы.
Паводле яго, штрайкбрэхераў і так не дапускалі да сур’ёзных работ, яны прысутнічалі на заводзе хутчэй для віду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Веру, што ў нашага Урфіна Джуса скончыцца чароўны парашок». Як раённы начальнік застаўся без працыУсяго адкрыта да страйку далучыліся 34 работнікі «Гродна Азот», некаторыя зь іх сышлі на ўласнае жаданьне альбо іх звольнілі за прагулы без адкрытага ўваходу ў страйк. Сярод тых, каго страціў «Азот», —
- начальнік зьмены зь вялікім досьведам працы,
- намесьнік начальніка цэху эксплюатацыі тэхналягічнага абсталяваньня,
- 4 апэратары дыстанцыйнага пульту кіраваньня,
- апаратнік водападрыхтоўкі,
- апаратнік складу вадкага аміяку (цэх «Аміяк-3»),
- апаратнік вырабу карбаміду,
- начальнік зьмены (цэх «Карбамід-4»),
- электрагазазварнік зь вялікім досьведам працы.
З словаў лідэра страйкаму «Азоту», па-ранейшаму на заводзе бракуе тэхналягічнага пэрсаналу, асабліва ў цэхах «Карбамід-2», «Карбамід-4», «Аміяк-3». Кіраўніцтва заводу працягвае шукаць былых работнікаў «Гродна Азот», згодных вярнуцца на прадпрыемства.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА