Пакуль заяўнікі не атрымалі адказу зь мясцовай адміністрацыі, а затрыманьні гараджан працягваюцца, расказала Свабодзе Ганна Баран, якая мае юрыдычную адукацыю і ганаровую грамату Берасьцейскага аблвыканкаму. Яна нарадзілася ў Расеі, жыве ў Пружанах.
«Уявіце, вы выходзіце ў горад і вас штодня беспадстаўна затрымліваюць „для вызначэньня асобы“», — кажа Ганна Баран.
Прычым некалькі дзён запар затрыманьні адбываліся проста на аўтобусным прыпынку «Палац культуры», дзе пасьля выбараў штодня зьбіраліся прыхільнікі перамен. У народзе яго назвалі «прыпынкам перамен».
«3 сьнежня затрымалі Алега Кулешу, на другі дзень аўтазак пад’ехаў да прыпынку грамадзкага транспарту, затрымалі чацьвярых. 5 сьнежня зноў затрымалі чатырох чалавек, сярод іх была і я. 6 сьнежня я зь сябрам ішла з парку, затрымалі нас і яшчэ мужа з жонкай, яшчэ двух хлопцаў затрымалі ў краме «Белмаркет». 8 сьнежня затрымалі восем чалавек, а 9 сьнежня сем, пратрымалі каля трох гадзін і адпусьцілі без пратаколу», — кажа Ганна.
Агулам Ганну затрымлівалі «для вызначэньня асобы» ўжо пяць разоў.
«Яны ўжо цудоўна ведаюць маю асобу, законных падставаў для затрыманьня няма, бо мы прад’яўляем пашпарты. Яны кажуць: а мо ў вас пашпарт фальшывы. Пры гэтым яны запалохваюць затрыманых, маўляў, у Пружанскім раёне многа нераскрытых злачынстваў, будзем браць у вас біялягічны матэрыял, — кажа Ганна. — Як жыць у краіне, калі людзей перасьледуюць за праўду і законы не захоўваюцца? У мяне адказу на гэтае пытаньне няма. Перасьледуюць людзей, якія маюць іншую думку і не баяцца сказаць праўду пра падзеі ў краіне, якія супраць гвалту і беззаконьня».
Пяць чалавек падазраюць па крымінальным артыкуле
Сёньня а 7-й раніцы да маці трох непаўналетніх дзяцей Юліі Лаптановіч прыехалі на бусе сем супрацоўнікаў міліцыі зь Берасьця, яе затрымалі і павезьлі на допыт у абласны цэнтар. Дзеці якраз зьбіраліся ў школу, перапалохаліся.
Муж Юліі Ігар Лаптановіч адбывае 10-дзённы арышт.
Пасьля допыту Юлія сказала, што яе падазраюць у частцы 1 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу.
У Пружанах паводле гэтага артыкула праходзяць як падазраваныя яшчэ пяць чалавек.
Ганна Баран таксама сярод падазраваных паводле артыкула 342, яе затрымлівалі яшчэ 30 кастрычніка, трымалі ў ІЧУ 72 гадзіны.
«Мне сказалі, што мы падазраваныя ў так званай справе „пра карагоды“. Гэта 13 верасьня, дзень, калі ў нас у Берасьці ўпершыню ўжылі вадамёт. Цяпер наконт мяне праводзяць партрэтную экспэртызу. Як кажа адвакат, такую экспэртызу злачынцаў не праводзяць, выяўляецца, карагоднікі важнейшыя за злачынцаў», — кажа Ганна.
Паводле суразмоўцы, пружанцы адседзелі агулам ужо больш за 300 дзён. Заўтра пройдуць яшчэ два суды паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Веру, што ў нашага Урфіна Джуса скончыцца чароўны парашок». Як раённы начальнік застаўся без працы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьцяг на замку, «Жыве!» ў міліцыі. Як пратэстуюць у маленькім Наваградку