Прычынай стала крымінальная справа, заведзеная на яго пасьля ўдзелу ў акцыях пратэсту пасьля выбараў прэзыдэнта. Паводле артыкулу пра супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў, які ставяць у віну Кудзіну, яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
19 лістапада мела адбыцца першае пасяджэньне ў справе спартоўца, аднак Кудзін на працэс не прыйшоў. Пазьней стала вядома, што ён зьехаў зь Беларусі.
Кудзін расказаў «Настоящему времени», што здарылася пры затрыманьні і ці плянуе ён вяртацца ў Беларусь.
— Скажыце, калі ласка, вы цяпер у бясьпецы?
— Так, цалкам, цяпер я за межамі Рэспублікі Беларусь — на тэрыторыі Эўропы, таму я ў бясьпецы, цяпер мне нішто не пагражае.
— Раскажыце аб сваім зьнікненьні перад судом: чаму і, галоўнае, як вырашылі выехаць з краіны?
— Вы ведаеце, я столькі гадоў выходзіў пад сьцягам краіны, больш за 10 гадоў дабіваўся найвышэйшых заваёваў, і тут зь мяне зрабілі нейкага бандыта. Зразумела, што праўнага поля ў Беларусі ўжо не існуе — яго проста няма, — таму справы накручваюцца. Мяне выставілі ў такім сьвятле, што нібыта я прыйшоў на Цэнтральную плошчу і стаў біць сілавікоў, бо мне няма чаго рабіць. Хоць я, паўтаруся яшчэ раз, проста прыйшоў мірна выказаць пратэст. Я адэкватны і нармальны грамадзянін сваёй краіны. На маім мірным пратэсьце мяне проста сталі труціць газам, пачалі біць дубінкамі па галаве, я ўжыў прыёмы самаабароны, паколькі я палову свайго жыцьця займаюся адзінаборствамі, таму гэта ўсё было аўтаматычна. Я ўжыў самаабарону, пацярпелі некалькі сілавікоў, і на мяне завялі крымінальную справу паводле артыкулу 363, часткі 2 (зьбіцьцё, гвалт і пагроза жыцьцю супрацоўнікаў), і мне прыйшлося зьехаць з краіны.
— Вы казалі, што пры затрыманьні 10 жніўня ў вас стралялі сілавікі. Ці можна падрабязьней пра гэтую сытуацыю?
— Сытуацыя такая, тады на Цэнтральнай плошчы я зь імі пагуляўся, сышоў спакойна дамоў — таксама не бяз траўмаў: у мяне было 4-5 гематом на галаве, адна зь іх — на патыліцы — дагэтуль не прайшла, ёсьць такая падскурная гематома, якая не рассмакталася. Прыйшоўшы дадому, я разумею, што жахліва баліць галава, трохі кепскавата, ёсьць лёгкае страсеньне. Я прымаю рашэньне гэтым самым вечарам зьезьдзіць у бальніцу, зрабіць КТ. Я спартовец, ці мала, пакажа нейкі тромб ці яшчэ праблемы.
Толькі я ад’ехаў ад дома — мэтраў 200-300 — мне насустрач паехалі тры машыны з уключанымі маячкамі. Я нават і падумаць ня мог, што гэта да мяне ехалі сілавікі. Я спакойна паехаў далей у бок бальніцы, і літаральна мэтраў за 200 ад лякарні мяне падразае машына зь сілавікамі, адчыняюцца заднія дзьверы, мне кідаюць сьвятлошумавую гранату пад пярэднюю частку машыны, яна выбухае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэмпіён сьвету па кікбоксінгу і тайскім боксе пакінуў Беларусь з прычыны крымінальнага перасьледуЯ бачу, што з той самай машыны выбягае некалькі сілавікоў — гэта супрацоўнікі спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня, якія мяне затрымлівалі, — яны адразу абабеглі машыну, я толькі пасьпеў націснуць кнопку блякаваньня машыны, але з боку кіроўцы шкло было апушчана. Пакуль яны беглі, сталі біць машыну дубінкамі і крычалі: «Выходзім з машыны, працуе СОБР!» Я памятаю выразныя словы: «Працуе СОБР». На што я падняў рукі, паклаў іх на руль і разумеў, што аказваць супраціў няма сэнсу, таму што ў іх можа быць баявая зброя, і яны проста могуць застрэліць, і ты нічога потым нікому не дакажаш, дый сэнсу ўжо ня будзе нешта даказваць. Я падняў рукі, паклаў на руль, сказаў: «Хлопцы, у чым праблема? Выходжу», — на што яны адказалі ударамі ў галаву.
У групы захопу звычайна такія ўзмоцненыя пальчаткі з мэталічнымі ўстаўкамі, імі можна прычыніць вельмі сурʼёзныя калецтвы. Два супрацоўнікі, якія падбеглі з майго боку, сталі біць мяне кулакамі ў галаву. Пару ўдараў яны пасьпелі нанесьці мне ў скроневую косьць — тут зьлева было расьсячэньне, гематома была. Я пасьпеў падставіць рукі, стаў абараняцца рукамі. У мяне вось таксама ёсьць старыя пацёртасьці — гэта рукі былі расьсечаныя ад іх пальчатак.
Затым я спрабаваў адчыніць дзьверы, але мяне адразу не выпускалі. Яны білі мяне ў машыне, я спрабаваў выйсьці з машыны, каб вызваліцца і даць сабе прастору. Памятаю, што пачуў, як нешта пляснула, і ў грудной клетцы адчуў апёк і дзікую боль. Адкінуўся на сядзеньне, усё ж потым адчыніў дзьверы, мяне адразу паклалі на зямлю, закруцілі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі, паклалі мяне на капот маёй машыны, абшукалі. Адзін з супрацоўнікаў, калі мяне выцягнулі з машыны, ён быў самага высокага росту, ён нахіліўся нада мной і на вуха мне сказаў: «Леха, блін, нам сказалі, што ты мянта заваліў».
Я адразу пазнаў гэтага супрацоўніка — ён таксама адзін са спартоўцаў. У нас шмат спартоўцаў служыць у гэтых падразьдзяленьнях. Я ў адказ яму кажу: «Я нікога не валіў». У маім разуменьні «заваліць» — гэта застрэліць або кагосьці зарэзаць, гэта значыць пазбавіць чалавека жыцьця. Я кажу, што нікога не валіў, і што гэта непаразуменьне. Потым мяне пасадзілі ўжо ў машыну, на якой яны прыехалі.
Мяне потым спыталі: «Што рабіць з машынай?» Я кажу: «Дайце тэлефон — ён у машыне ляжыць, набярыце жонцы, альбо малодшаму брату. Я скажу, каб прыехалі па машыну, што вось такая сытуацыя». Гэты супрацоўнік узяў мой тэлефон, набраў мне, у мяне рукі былі ў кайданках за сьпінай, але ён сам да вуха мне паднёс тэлефон, я растлумачыў жонцы ў двух словах сытуацыю, каб яны прыехалі забралі машыну. Звычайна так ня робіцца. Калі група захопу працуе, яны затрымліваюць і дастаўляюць адразу туды, куды ім сказалі цябе даставіць, а твая машына застаецца проста стаяць, ім да гэтага няма справы.
— Аляксей, вас тады затрымалі на 12 сутак, потым вас адпусьцілі, потым быў хатні арышт, і потым вам удалося выехаць зь Беларусі?
— Так, цалкам дакладна.
— Якія цяпер у вас пляны? Ці ёсьць пляны вярнуцца ў Беларусь?
— Пляны адназначна ёсьць вярнуцца. Я патрыёт сваёй краіны, я абавязкова вярнуся ў сваю краіну і буду нармальна разьвіваць далей спорт у сваёй краіне, выступаць за сваю краіну.
— Зьявілася інфармацыя, што з 20 сьнежня ў Беларусі абвясьцілі аб забароне выезду за мяжу. Такое ўражаньне, што даюць магчымасьць выехаць усім тым, хто хоча выехаць цяпер як мага хутчэй. Што кажуць вашы сябры, якія засталіся ў краіне?
— Мы стэлефаноўваемся, яны кажуць, што прававое бязьмежжа, поўны маразм. Проста ў людзей забіраюць права на выезд, на перамяшчэньне, — усё парушаецца.
— Што б вы сказалі спартоўцам, якія застаюцца ў Беларусі?
— Я б сказаў, першае — гэта трымацца за сваю свабоду, не паддавацца нейкаму ціску, таму што на спартоўцаў вельмі шмат ціснуць, тым больш з гэтым праўладным лістом — каб яны яго падпісвалі. Я ж падпісаў адкрыты ліст за сумленныя выбары і хацеў бы, каб спартоўцы менш паддаваліся на ўсялякія правакацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа замяніць афіцыйную банкаўскую сыстэму». Беларускія айцішнікі ствараюць праграму, якая дапаможа «не сілкаваць рэжым»