Ніна Багінская, безь якой не праходзіць, бадай што, ніводная вулічная акцыя пратэсту ў Менску, стала ляўрэаткай прэміі «Людзі Cвабоды – 2020». У вялікім інтэрвію Радыё Свабода яна расказала пра тое, як дзяржава спаганяе зь яе 15 тысяч даляраў штрафаў, як будзе сьвяткаваць Новы год і чаму ня плаціць за праезд у электрычках.
Ніна Багінская не стамляецца паўтараць: галоўнае для яе — свабода. Гэта тое, што рухае ёю ў змаганьні.
«Свабода — гэта свабоднае вырашэньне сваіх пытаньняў, мараў і мэтаў, незалежна ад абставін. І свабода не даецца нічым — ні грашыма, ні дабрабытам, ні ўладай».
Змалку звыклая да свабоды, яна прызнае адзінае абмежаваньне яе — здароўе, і паказвае напалову адрэзаны ў выніку няшчаснага выпадку палец на правай руцэ: «Я не была свабоднай, не магла шыць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніна Багінская — «Чалавек Cвабоды – 2020»За вулічныя акцыі дзяржава аштрафавала Ніну Багінскую ўжо больш як на 15 тысяч даляраў. Такіх грошай жанчына ня мае, таму ў яе штомесяц забіраюць палову пэнсіі: замест 412 рублёў атрымлівае 207. Выжывае дзякуючы лесу, саду і агароду. Кажа, што ня можа дазволіць сабе шакаляд і бараніну, якую калісьці вельмі любіла есьці з кіслай капустай.
Перавага ў змаганьні, лічыць Ніна Багінская, на баку народу, але канчаткова ўсё вырашыцца, на яе думку, летам.
«Рэвалюцыя ідзе, перавага на баку народу ўжо таму, што народу больш, чым міліцыі, войска, чыноўнікаў. Але як доўга гэта працягнецца, яшчэ залежыць ад „сябрукоў“ на Ўсходзе, якія пнуцца інтэграваць нас. Да лета людзей трэба падвучыць, закупіць неабходныя прадукты і тавары, бо дзяржава будзе помсьціць, адключаць электрычнасьць. Але я веру, што летам зьмена ўлады адбудзецца».
Спадарыня Ніна лічыць сябе фэміністкай, кажа, што ад яе залежыць жыцьцё і дабрабыт ейнай сям’і. Яна перакананая, што жанчына, першапачаткова роля якой — захоўваньне ўраджаю і гадаваньне дзяцей, інтэлектуальна больш разьвітая, чым мужчына.
«Таму што гістарычна менавіта жанчына адказвае за сваё котлішча, за свой дом, сям’ю, Радзіму».
Што трэба ведаць пра Ніну Багінскую
«Чалавек-сьцяг» — 75-гадовая пэнсіянэрка Ніна Багінская стала адным з сымбаляў беларускіх пратэстаў ня толькі 2020 году, але і ўсяго дзесяцігодзьдзя.
- Да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху яна далучылася яшчэ ў 1988 годзе, калі на Дзяды выйшла на марш у Курапаты.
- Расла ў сям’і гарадзкой інтэлігенцыі, бацькі мелі беларускамоўных сяброў, расказвалі пра рэпрэсіі 1930-х.
- Працавала чарцёжніцай у Інстытуце геалёгіі, займалася веласпортам.
- Багінская — нязьменная ўдзельніца шматлікіх акцый пратэсту цягам многіх гадоў. Яе дзясяткі разоў затрымлівалі, яна ня раз начавала ў ізалятарах.
- Яна адна з рэкардсмэнаў па колькасьці штрафаў — больш за 16 тысяч даляраў, якія яна прынцыпова адмаўляецца плаціць. За гэта ў яе апісалі два лецішчы і штомесяц забіраюць палову пэнсіі.
- Ня мае мабільнага тэлефона, не карыстаецца інтэрнэтам, не глядзіць тэлевізар з прычыны кепскага зроку. Затое выпісвае незалежныя газэты.
- Усе сьцягі, зь якімі выходзіць на пратэсты, шые сама. Пашыла ўжо сотні сьцягоў. Многія зь іх міліцыя пазабірала пры затрыманьнях.
- Лічыць, што трэба перамагаць негвалтоўна, бяз зброі ў руках. Увесь час намагаецца размаўляць зь сілавікамі, прысаромліваць іх і тлумачыць, у чым яны ня маюць рацыі.
- Словы актывісткі амапаўцу «Я гуляю» сталі лёзунгам мірных пратэстаў і інтэрнэт-мэмам.
- Сама Багінская стала мастацкім вобразам і крыніцай натхненьня для мастакоў, якія адлюстроўваюць сучасныя падзеі ў Беларусі.
- У верасьні 2020 году фатаздымкі актывісткі апублікаваў вядомы італьянскі часопіс пра моду Vogue.
- Паводле актывісткі, сымбалем пратэстаў яе зрабілі журналісты і самі пратэстоўцы, найперш моладзь.
- У кастрычніку, камэнтуючы пратэсты, Аляксандар Лукашэнка загадаў «не забіраць Багінскую з плошчаў», назваў яе перакананым чалавекам. Пасьля гэтага актывістку некалькі разоў затрымлівалі, але адпускалі без пратаколаў.
- Мае двух дзяцей, унукаў і праўнукаў.