Кампанія Ліхачэўскага зьяўляецца рэзыдынтам Парку высокіх тэхналёгіяў. У інтэрвію «Свабодзе» ён расказаў пра тое, як айцішнікі спрыяюць стварэньню незалежнай ад уладаў лічбавай эканомікі і пра рэальную сытуацыю ў ІТ-індустрыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Пра што гаворка ў інтэрвію:
- Фонд By_Sol ужо выплаціў больш за 2 мільёны 300 тысяч эўра дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў.
- Актыўнасьць беларускіх ІТ-кампаніяй актыўна згортваецца. Зь Беларусь зьехалі ўжо каля 10% работнікаў кампаній.
- Пасьля заканчэньня вучэбнага году лічба будзе вельмі драматычнай, бо ў траўні дзеці айцішнікаў скончаць школьны год і кампаніі пачнуць вывозіць людзей цэлымі сем’ямі.
- Калі да жнівеньскіх падзеяў Віктар Пракапеня (буйны беларускі ІТ-бізнэсовец) праяўляў нейкую падтрымку існай уладзе, то цяпер ён гэтую падтрымку больш не праяўляе. Наколькі я ведаю, ён цалкам адышоў ад супрацы зь дзяржавай. Але як у бізнэсоўца, у яго ёсьць актывы ў Беларусі. Я думаю, што ён дзейнічае так, як дзейнічае, каб гарантаваць бясьпеку супрацоўнікам і актывам.
- Яшчэ два месяцы таму мы спрабавалі весьці дыялёг зь Янчэўскім (кіраўнік ПВТ). Але дыялёг спыніўся, бо ён ні да чога не прывёў. Сам спадар Усевалад нічога не вырашае ў гэтай сытуацыі, на жаль, нічым ня можа дапамагчы.
- Калі мы не пераломім сытуацыю ў самым бліжэйшым часе, то цалкам страцім IT-сфэру.
Днямі фонд салідарнасьці BY_Sol запусьціў аплікацыю для смартфонаў «Digital Solidarity». Гэта агрэгатар фондаў, дзякуючы якому можна зручна дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсіяў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Пакуль гэта першы рэліз для донараў. Зь цягам часу да яго будуць далучацца і іншыя фонды, а праз аплікацыю ахвяры рэпрэсіяў змогуць атрымліваць дапамогу беспасярэдне.
У пэрспэктыве, паводле Ліхачэўскага, Digital Solidarity стане “першай цаглінай у лічбавай эканоміцы і лічбавай дзяржаве”.
“Мы будзем уводзіць там лічбавую ідэнтыфікацыю, гэта аналяг электроннага пашпарта. Акрамя таго, мы будзем убудоўваць у гэтую праграму кашалёк, які апэруе крыптавалютамі. У гэты гаманец людзі будуць атрымліваць кампэнсацыю, і мы будзем заклікаць іх карыстацца ім штодня. Можна будзе рабіць плацяжы, узаемаразьлікі, аказваць нейкія паслугі ці прадаваць нейкія тавары, карыстаючыся менавіта гэтай сыстэмай, не сілкуючы рэжым Лукашэнкі”.
Яраслаў Ліхачэўскі кажа, што аплікацыя можа замяніць беларускую банкаўскую сыстэму, якая, на яго думку, засьведчыла сваю ненадзейнасьць. Празь яе можна будзе набываць крыптавалюты за беларускія рублі і такім чынам захоўваць свае ашчаджэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Банкаўская сыстэма Беларусі цалкам захопленая сілавікамі». Андрэй Стрыжак пра блякаваньне дапамогі пацярпелым“Гэта, можна сказаць, электронныя даляры. Валюта, якая называецца USDT. Адзін USDT – гэта адзін амэрыканскі даляр, сьвятая для беларуса валюта. То бок можна набываць гэтыя электронныя даляры і разьлічвацца імі ўнутры гэтай сыстэмы. Туды будуць запрошаныя ўсе беларусы, і ў любога беларуса будзе магчымасьць падключыцца да гэтай сыстэмы або заводзіць туды свае беларускія рублі і мяняць іх на даляры або наадварот, прадаваць даляры і выводзіць у беларускія рублі”.
Гэтая аплікацыя робіцца разам з плятформай “Голас”. База дадзеных патэнцыйных карыстальнікаў ужо складае амаль 1,5 мільёна чалавек, кажа Ліхачэўскі. Паводле яго, ужо ўвесну 2021 году аплікацыя запрацуе паўнавартасна з усімі апісанымі вышэй функцыямі.
“Усё, што мы робім, не парушае літару закону ні ў аднай краіне, дзе гэта функцыянуе. Як на гэта будзе рэагаваць дзейная беларуская ўлада, мы можам уявіць. Бо нават надпіс на асфальце – гэта незаконна, а забіць чалавека – законна. Яны будуць рабіць усё, каб выставіць гэта як незаконныя дзеяньні”, - сказаў у інтэрвію Свабодзе Яраслаў Ліхачэўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацыянальны банк патлумачыў, якія сродкі на рахунку могуць арыштаваць