Кіроўца Павал Сібілёў месяц правёў у шпіталі пасьля раненьня аскепкамі сьвятлашумавой гранаты. Сьледчы камітэт адмовіўся пачынаць крымінальную справу.
«Менсктранс» правядзе пазаплянавы інструктаж пэрсаналу. Прычына — раненьне сьвятлашумавой гранатай кіроўцы аўтобуса, якое здарылася 10 жніўня. З апублікаванага Tut.by дакумэнта вынікае, што 25 лістапада Сьледчы камітэт адмовіў у завядзеньні крымінальнай справы і назваў раненьне «няшчасным выпадкам».
10 жніўня Павал Сібілёў выконваў рэйс маршрутам № 163. Перад «Пушкінскай», дзе адбывалася акцыя пратэсту, ён выпусьціў пасажыраў і выйшаў з аўтобуса, каб ацаніць абстаноўку. Тут за мэтар ад яго выбухнула граната.
Павал Сібілёў месяц лячыўся ў вайсковым шпіталі. У яго дыягнаставалі
- мінна-выбуховае раненьне вобласьці паясьніцы з шырокім дэфэктам мяккіх тканак,
- агнястрэльны пералом асьцюкаватых адросткаў хрыбетак,
- шматлікія паверхневыя раненьні левага пляча,
- удар нырак.
Сьледчы камітэт назваў гэтае здарэньне «няшчасным выпадкам». Віны сілавікоў ён ня ўгледзеў, бо тыя «знаходзіліся далёка, таму зрабіць мэтанакіраваны стрэл было немагчыма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не разумею, чаму пачалі страляць». Параненага ў Менску кіроўцу аўтобуса перавялі ў агульную палатуПасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня праваабаронцы зафіксавалі шматлікія выпадкі гвалту з боку сілавікоў. Ніводнай крымінальнай справы дагэтуль не завялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Літвы пачала дасудовае рассьледаваньне аб гвалце міліцыі ў Менску