Сьцісла
- Мы ўсе закаханыя ў Паўла Латушку. Я думаю, што ён геніяльны прэзыдэнт. Мае дыпляматычны досьвед, ангельскую мову, культуру, абаяльнасьць, вялікі розум.
- Відэаспэктакль паводле пʼесы Курэйчыка пакажуць і ў Беларусі, і застанецца памяць пра гэты кашмар.
- А хто гэтыя, якія катуюць і гвалцяць? Ці яны таксама беларусы? Адкуль гэта? Чаму? За грошы? Ці за тое, каб пахваліў дыктатар?
- Уся сусьветная супольнасьць — за Беларусь, адзін дыктатар зачапіўся за гэтую ўладу і яго не адарваць. Як ён яе любіць, і як ён ненавідзіць свой народ.
- Жадаю беларусам, каб згінула гэтая ўлада к чортавай матары. Я хачу, каб быў Нюрнбэрскі працэс, каб усе прозьвішчы былі названыя.
«Пры такім фашызьме кветачкамі, белымі сукенкамі і інтэлігентнасьцю процістаяць практычна немагчыма»
— 11 жніўня вы выступілі са зваротам у падтрымку народу Беларусі, выказалі захапленьне беларускім мірным пратэстам. Гэта былі вельмі драматычныя дні, ня менш драматычныя дні і цяпер, праз чатыры месяцы. Якая ваша ацэнка сытуацыі ў Беларусі цяпер?
— Найтрагічнейшая. Мы кожны дзень глядзім, што адбываецца ў Беларусі. Слухаем Волю Карач, Паўла Латушку, у якога закаханыя. Які цудоўны чалавек, быў дырэктарам тэатру Янкі Купалы, міністрам культуры. Я думаю, што ён — геніяльны прэзыдэнт. Дыпляматычны досьвед, ангельская мова, культура, абаяльнасьць, вялікі розум. Мы ўсе закаханыя ў гэтых цудоўных жанчын — Сьвятлану Ціханоўскую, Машу Калесьнікаву (прыгажосьць, абаяльнасьць, розум ) і Вераніку Цапкалу. Дзьве — за сваіх мужоў, і гэта неймаверна кранае і вучыць увесь сьвет. Пакуль яны выходзілі з кветкамі і рабілі гэтыя сардэчкі, як Маша Калесьнікава, пакуль у белых сукенках выходзілі, яшчэ нейкая надзея была. Але цяпер я разумею, што супраць лома няма прыёму, пры такой агрэсіі, пры такім фашызьме (чыстай вады фашызм) кветачкамі, белымі сукенкамі і інтэлігентнасьцю процістаяць практычна немагчыма. Калі яны ўжо забіваюць... Яны і раней забівалі.
Памятаю выбары 2010 году... Я знаёмая з Валодзем Някляевым. Быўшы ў Беларусі, пазнаёмілася з рознымі людзьмі — Статкевічам, Саньнікавым. Ведаю пра тое, што зь імі рабілі ўжо тады. І раней. У нас калясальны досьвед з Савецкага Саюзу. Гэтае ўменьне змагацца з іншадумствам, часам проста нізавошта зь людзьмі, якіх хочацца прыбраць...
— Вы казалі, што мелі на пачатку надзею. А цяпер? Ці вы траціце надзею, што ў Беларусі сытуацыя можа палепшыцца?
— Так. Мне здаецца, што, пакуль гэты кат сядзіць, абаронены з усіх бакоў, пакуль пры ім войска, вадамёты і ўсё астатняе, бяззбройныя людзі нічога ня змогуць. Больш за тое, гісторыя нам паказвае, што дабром рэвалюцыі ня робяцца. Было ж у Армэніі — і паглядзіце, куды мы прыехалі. Я не да таго, каб расчароўваць...
«Расея мусіла падтрымаць, але яна гэтага ня робіць»
— Вы гралі ў відэаспэктаклі «Обиженные. Беларусь(сия)» паводле пʼесы беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка. Народны пратэст у відэаспэктаклі прадстаўлены Футбольным заўзятарам і гераіняй, якую вы граеце і якую назвалі Пазытыўная...
— Цудоўная акторка Аксана Мысіна знайшла, зьвязалася з Курэйчыкам, выклікала сваіх партнэраў, тых, з кім вучылася. Акторы з такой любоўю гэта зрабілі... Вельмі важна, што гэта ва Ўкраіне будзе паказана, у Расеі ўжо паказалі на тэлеканале «Дождь», і гэта пакажуць у Беларусі, я абсалютна перакананая. І застанецца памяць пра гэты кашмар. Але я ня бачу выйсьця. Увогуле Расея мусіла падтрымаць. Але яна гэтага ня робіць.
— Як вам здаецца, ці шмат у вас аднадумцаў у Расеі ў стаўленьні да падзеяў у Беларусі?
— Усе, каго я ведаю. Калі Сьвета Алексіевіч зьвярнулася да інтэлігенцыі, усе... Усе глыбока перажываюць за Беларусь, плачуць, глядзяць, перазвоньваюцца. Беларусь я абʼезьдзіла ўздоўж і ўпоперак. Да пандэміі я праехала Бабруйск, Гомель, Магілёў, Менск... У нас былі фантастычныя гледачы. Адна рэч мяне спалохала. Калі закончыўся спэктакль у Палацы моладзі, на сцэну павіншаваць з кветкамі выйшаў Валодзя Някляеў і цудоўныя вершы прачытаў. Гэта былі вершы пратэсту. І палова залі ў жаху ўцякла. І я зразумела, якая ж мера пакараньня, нават калі ты саўдзельнік, нават калі ты прысутнічаеш. Потым за заслону прыбеглі жанчыны: «Як вы пасьмелі, як вы гэта дапусьцілі?» І я зразумела, што пакараньне ім будзе страшнае.
— Цяпер ёсьць адчуваньне, і ў вас таксама, думаю, што гэты ўзровень страху зусім іншы ў Беларусі, што вельмі многія беларусы перасталі баяцца.
— Перасталі. Такая мужнасьць... Я ніколі такога ня бачыла. Я пабачыла, які гэта цудоўны народ.
«Я ня ведаю, якія просьбы гэты чалавек можа выканаць. З боку АМАПу?»
— Калісьці вы напісалі ліст Сталіну. Вам было 10 гадоў, вы прасілі лекі для мамы і цёткі, якія маглі памерці ад сухотаў, і гэтыя лекі былі дастаўленыя. Вы, напэўна, яшчэ ня вельмі разумелі тады сутнасьць дыктатара. Як вы думаеце, ці ёсьць сэнс зьвяртацца да Лукашэнкі і якія просьбы ён можа выканаць?
— Гэта доўгая гісторыя. Я не разумела тады, хто такі Сталін. Лекі з Рыгі даставілі. Я ня ведаю, якія просьбы гэты чалавек можа выканаць. Просьбы з боку АМАПу ці каго яшчэ, хто бегае ў балаклавах. З боку тых, хто яму патрэбны. Што да маёй гісторыі, то да Сталіна гэта не дайшло, ня зьвязвайце з гэтай фігурай. Знайшоўся добры чалавек, які прачытаў ліст піянэркі і зьвярнуўся на рыскі завод, які тады першы стаў выпускаць лекі ад сухотаў. Гэта не таварыш Сталін. Сталін — гэта зусім іншае: гэта расстраляныя людзі, гэта тое самае, што Лукашэнка. Я ня ведаю, дзе горш. І гэта цяпер працягваецца. Судзяць расейскага гісторыка Юрыя Аляксевіча Дзьмітрыева, які адкрыў месца масавых расстрэлаў у Сандармоху, дамогся, каб там пабудавалі капліцу, штогод ушаноўвае памяць загінулых. Людзей там расстралялі на юбілей НКВД. Страшна. І 17 сьнежня будзе суд над гісторыкам, каб пасадзіць гэтага чалавека на 13 гадоў. Гэта ўсё працягваецца.
Мне здаецца, што ў гэтых цудоўных беларускіх людзей ёсьць (як яны партызанілі ў часы вайны) мужнасьць і неймаверная адданасьць свайму народу. А хто гэтыя, якія катуюць і гвалцяць? Ці яны таксама беларусы? Хто яны такія? Адкуль гэта? Чаму? За грошы? Ці за тое, каб пахваліў дыктатар? Незразумела.
«І раней у Беларусі забівалі»
— Што б вы маглі сказаць беларусам, якія прагнуць пераменаў, якія прайшлі праз затрыманьні, катаваньні, калецтва, звальненьні...
— Пакалечаныя і раней былі. І раней у Беларусі забівалі. Зьнікалі людзі, мы пра гэта цудоўна ведаем. Зьнікалі бясьсьледна найлепшыя людзі, якія хацелі пераменаў. І цяпер забілі хлопца. За што? Чаму? Я за тое, каб усе прозьвішчы (як прапанавала Ціханоўская) былі запісаныя — тых, хто катаваў, гвалціў, прыніжаў. Увесь сьвет ведае, што адбываецца ў Беларусі. У мяне няма знаёмых, якія б не перажывалі, якія не былі б салідарныя і не захапляліся людзьмі ў Беларусі. Няма такіх, а калі ёсьць, то гэта можа быць Расгвардыя, Золатаў, Прыгожын. У нас свае тараканы.
— Што б вы пажадалі беларусам на Каляды і Новы год?
— Найперш хачу пажадаць, каб гэта подлая ўлада згінула любым чынам, хоць як-небудзь. Хаця ўся сусьветная супольнасьць — за Беларусь, адзін дыктатар (мы такіх дыктатараў пабачылі) зачапіўся за гэтую ўладу, і яго не адарваць. Як ён яе любіць, як ён яе хоча — і як ён ненавідзіць свой народ, як ён яго прыніжае. Я жадаю беларусам, каб згінула гэтая ўлада к чортавай матары. Я хачу, каб быў Нюрнбэрскі працэс, каб усе прозьвішчы былі названыя. Вядома, я жадаю, каб гэтая цудоўная краіна квітнела. Я абагаўляю гэтую краіну. Мы ехалі ў Менск з Магілёва — і паўсюль на слупах уздоўж дарогі буслы... Жыве Беларусь!