У судзе Першамайскага раёну 9 сьнежня разглядалі справы затрыманых учора ксяндза Віктара Жука, грэка-каталіцкага сьвятара Аляксея Варанко і іхнага сябра Аляксея Каракова, паведамляе «Радыё Рацыя».
Усіх траіх міліцыянты затрымалі ўчора непадалёк ад гандлёвага цэнтру «GREEN» у Віцебску, на іх склалі пратаколы за несанкцыянаванае пікетаваньне.
Падчас судовых працэсаў, якія праз скайп вёў судзьдзя Міхаіл Юрчанка, усе трое тлумачылі, што ня ладзілі пікет, а маліліся за жыхароў Беларусі. Пры гэтым Аляксей Варанко трымаў бел-чырвона-белы сьцяг.
Суд пастанавіў, што ў дакумэнтах справаў недастаткова зьвестак, каб прыняць рашэньне. Таму афіцыйныя паперы накіравалі на дапрацоўку ў Першамайскі РАУС. У ізалятары часовага ўтрыманьня сваякам падсудных паведамілі, што яны вольныя. Дата працягу судовага працэсу пакуль не вядомая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску затрымалі грэка-каталіцкага сьвятара Аляксея Варанко і рыма-каталіцкага — Віктара Жука