Адным з такіх домыслаў, хутчэй за ўсё, зьяўляецца перакананьне многіх, што Масква дамагаецца сыходу Лукашэнкі.
Мы як бы вярнуліся ў савецкую эпоху, калі журналісты спрабавалі разгадваць таямніцы крамлёўскай палітыкі, шукаючы схаваны сэнс паміж радкоў афіцыйных прамоваў ці назіраючы за парадкам разьмяшчэньня савецкіх лідэраў на трыбунах.
Няма сумневу, што палітыка — гэта ня толькі адкрытая і публічная справа, але і закулісная, шмат у чым таемная. Праблема ў тым, што домыслы — ня лепшая падстава для аналізу. Аналізаваць трэба адкрытыя палітычныя заявы, якія звычайна зьяўляюцца працягам закулісных мэтаў палітычных актараў. І гэта праўда, што азначаць тыя ці іншыя заявы могуць не зусім тое (або зусім ня тое), пра што ў іх гаворыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стараючыся захаваць Беларусь, Расея імкліва губляе беларускі народАле бывае і наадварот. Бывае, што заявы азначаюць менавіта тое, пра што ў іх гаворыцца. Проста падаплёка іншая. У мяне няма сумненьня, што заявы Масквы пра падтрымку Лукашэнкі — ні што іншае, як заявы ў падтрымку Лукашэнкі. Са сваімі мэтамі.
Ёсьць два тыпы расейскай рыторыкі пра сытуацыю ў Беларусі.
Адзін — заявы афіцыйных асобаў (прэзыдэнта, міністра замежных спраў, міністра абароны, прэс-сакратара Крамля) пра беспрэцэдэнтны замежны ціск на Беларусь і ўмяшаньне ў яе справы з боку Захаду.
Другі — публікацыі друку і заявы расейскіх журналістаў пра тое, што Пуцін, маўляў, даў Лукашэнку тэрмін да... і т. д.
А што калі гэта не зусім тое ў абодвух выпадках? Што калі гэта «апэрацыя прыкрыцьця»?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 дзён рэвалюцыі. Што казалі палітыкі Захаду і Расеі пра БеларусьРасея цалкам кантралюе сытуацыю ў Беларусі і яе сілавы апарат, дасылае ў Беларусь дзяржаўных прапагандыстаў, рыхтуе на мяжы рэзэрвы Нацыянальнай гвардыі для абароны дзяржаўных установаў у Менску ад пратэстоўцаў і ў той жа час гучна заяўляе ўсяму сьвету, што ён павінен сьвята трымацца прынцыпу неўмяшаньня ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаваў і ня лезьці ў Беларусь.
Сытуацыя нагадвае спрэчку вакол здабычы на паляваньні. Нехта падстрэліў дзічыну на мяжы сваёй тэрыторыі. Дзічына ляжыць на стромым пагорку — палова на тэрыторыі паляўнічых, палова — на тэрыторыі, гаспадары якой супраць забойства жывёл і паляваньня на іх — і паступова спаўзае на бок паляўнічых. «Зялёныя» спрабуюць падцягнуць жывёлу да сябе, каб уратаваць яе, і спасылаюцца на закон, які абавязвае ратаваць параненых жывёл. Паляўнічыя ж крычаць, каб жывёлу не чапалі, бо ёсьць закон, які забараняе ўмешвацца ў паляваньне на прыватнай тэрыторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільёны беларусаў уступілі ў «Талаку». І гэта назаўсёдыДык вось заявы пра ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі — гэта паводзіны паляўнічых. Масква гучнымі крыкамі пра «неўмяшаньне ва ўнутраныя справы» адпуджвае абаронцаў дзічыны. Гэта і ёсьць «апэрацыя прыкрыцьця».
Расея чакае Беларусь. Чакае, пакуль Беларусь спаўзе на яе тэрыторыю. Чакае, пакуль аслаблены кіраўнік-сусед сам прынясе ёй сваю краіну на талерачцы. Расея ўжо гасьцінна падставіла рукі і чакае, калі Беларусь скаціцца ў яе абдымкі. І марна казаць, што падпісаныя нелегітымным кіраўніцтвам дамовы будуць дэнансаваныя. Які будзе клопат да гэтага паляўнічым, якія ўжо вараць сьвежаніну ў вялікім катле на вогнічшы? І які клопат Маскве да таго, што «спаўзаньне на яе тэрыторыю» Крыму ніхто не прызнаў?
Тое самае з тэкстамі расейскіх журналістаў з «Коммерсанта» і «Эха Москвы», якія, камэнтуючы заявы крамлёўскага ўладара пра беспрэцэдэнтны вонкавы ціск на Беларусь, пішуць, што Пуцін асабіста ня любіць Лукашэнку і патрабуе ад яго сысьці. Раз за разам мы чытаем, што Пуцін «прапанаваў Лукашэнку сысьці спакойна і не цягнуць з гэтым», што Нарышкін і Лаўроў прывезьлі Лукашэнку апошняе папярэджаньне і т. д.
Гэтыя пасажы ад блізкіх да Крамля выданьняў ці асобных журналістаў таксама зьяўляюцца «апэрацыяй прыкрыцьця». Але на гэты раз — уладара Расеі, яго палітыкі і яго «дэмакратычнага» іміджу.
Насамрэч, Расея хоча Беларусь — з Лукашэнкам ці безь яго.
Паляўнічым мала клопату, ці вісіць на шыі ўпаляванай жывёлы бірка зь літарай «Л». Бірку яны пасьля зрэжуць. Галоўнае — мяса, яго колькасьць і якасьць, у сэнсе — тэрыторыя.