Усебеларускі народны сход цяпер
Усебеларускі народны сход — гэта агульны сход прадстаўнікоў беларускага ўраду, кіраўнікоў прадпрыемстваў і прадстаўнікоў іншых галінаў гаспадаркі. Традыцыйна праходзіў кожныя пяць гадоў перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў менскім Палацы Рэспублікі. Але ў 2020-м перад выбарамі ён не адбыўся. На сход вылучаюцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Такі сход праводзіцца раз на 5 гадоў. Пачынаючы з другога разу, колькасьць удзельнікаў складае 2500 чалавек. Ад Менску на сходзе прысутнічаюць 400 дэлегатаў, ад кожнай вобласьці па 350. Сход распачынаецца з выступу Аляксандра Лукашэнкі. Гэты выступ многія палітолягі раней параўноўвалі з палітычнай праграмай, бо ён заўжды адбываўся напярэдадні выбараў прэзыдэнта (апроч 2020-га і 1996 гадоў). Першы сход адбыўся напярэдадні рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў зрабіць Усебеларускі народны сход канстытуцыйным органамЯкімі законамі рэгулюецца правядзеньне сходу
Магчымасьць склікаць такі сход замацаваная ў законе «Пра рэспубліканскія і мясцовыя сходы».
«Рэспубліканскі сход можа склікацца па меры неабходнасьці прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь для абмеркаваньня істотных пытаньняў дзяржаўнага і грамадзкага жыцьця», — прапісана ў законе.
У Канстытуцыі пра Ўсебеларускі народны сход не сказана анічога, як і не прапісаны яго паўнамоцтвы. На сходах, а ўсяго іх было пяць, ніколі не прымалася нейкіх значных рашэньняў. Фактычна сход заўжды замацоўваў і пацьвярджаў праграму Лукашэнкі на наступную пяцігодку.
На сход не траплялі і прадстаўнікі апазыцыі: у 2006 годзе прайсьці на сход спрабаваў тагачасны кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, за што быў пабіты. У 2010 годзе за вылучэньне на Ўсебеларускі сход Уладзімір Някляеў сабраў 27 тысяч подпісаў, але туды ня трапіў.
Дэлегатаў на ўсебеларускі сход выбірае сход упаўнаважаных па раёнах і гарадах. Склікаюць такі сход па распараджэньні Лукашэнкі.
Як Усебеларускі народны сход можа стаць канстытуцыйным органам
У 37-м артыкуле Канстытуцыі прапісана магчымасьць грамадзян зьбірацца на сходы. Але Ўсебеларускі народны сход як інстытут ці орган у Канстытуцыі не прапісаны.
«Зьмены ў Канстытуцыі прапісаны ў ёй жа. Некаторыя часткі могуць мяняцца парлямэнтам, некаторыя могуць быць зьмененыя толькі на рэфэрэндуме. Орган, які зьбіраецца па ўказе прэзыдэнта (як Усебеларускі народны сход. — РС) і не зьяўляецца інстытутам, ня можа зьмяняць Канстытуцыю», — кажа юрыст, экспэрт у галіне дзяржаўнага кіраваньня Андрэй Сушко.
На ягоную думку, у цяперашняй Канстытуцыі прапісана шмат дэмакратычных працэдур і інструмэнтаў «для народнай улады».
«Пытаньне ў парушэньні закону і ў скажэньні духу Канстытуцыі. Заплянаваная новая рэформа ня зьменіць нічога ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня. Пытаньне аб Канстытуцыі штучнае, каб адцягнуць увагу ад важных рэчаў, што нас не чуюць, што ў нас скралі выбары, што ў нас ёсьць забойствы людзей», — кажа Андрэй Сушко.
Навошта ўладам такія зьмены
Паводле палітоляга Дзяніса Мельянцова, такім крокам Лукашэнка можа фармальна пакінуць прэзыдэнцтва, але застацца кіраўніком ці старшынём Усебеларускага сходу.
Пра такую ж схему піша і палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адмовіцца ад прэзыдэнцтва, але застацца пры ўладзе. У чым сэнс задумы Лукашэнкі з «народным сходам»