Тэрэза Рыбэйру з Партугаліі прызначаная новым прадстаўніком АБСЭ ў пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі, паведамляецца на сайце АБСЭ.
Да гэтага прызначэньня Рыбэйру зьяўлялася дзяржаўным сакратаром у замежных справах і супрацоўніцтве ў Міністэрстве замежных спраў Партугаліі, адначасова займаючы пасаду прэзыдэнта Нацыянальнай камісіі правоў чалавека.
Раней працавала дзяржаўным сакратаром эўрапейскіх спраў у Міністэрстве замежных спраў Партугаліі і намесьнікам генэральнага сакратара Міжземнаморскага Саюзу, дзе атрымала вялікі досьвед працы з інстытутамі ЭЗ і дзяржавамі-членамі, а таксама з іх найбліжэйшымі суседзямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі журналістак Кацярыну Барысевіч, Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову палітычнымі вязьняміНа працягу ўсёй сваёй кар’еры Тэрэза Рыбейру займала розныя пасады ў сфэры мэдыя, як у Партугаліі, так і ў міждзяржаўных арганізацыях. Гэта прэзыдэнт Інстытуту сродкаў масавай інфармацыі Партугаліі, кіраўніца Кіруючага камітэту сродкаў масавай інфармацыі Рады Эўропы, а таксама сузаснавальнік і першая абраная старшыня выканаўчай рады савета Медыя абсэрваторыі «Оберкам» (OberCom — Observatório da Comunicação).
Мандат
У мандаце гаворыцца, што прадстаўнік у пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі павінен быць відным міжнародным дзеячам з даўнім адпаведным вопытам, ад якога можна чакаць бесстароньняга выкананьня сваіх функцый. Пры выкананьні сваіх абавязкаў прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ будзе кіравацца сваёй незалежнай і аб’ектыўнай ацэнкай.
- У Беларусі за час выбараў і пасьлявыбарчы пэрыяд ахвярамі перасьледу сталі 390 журналістаў.