Паводле Рыгора Астапені, зьмены ў настроях беларусаў нельга назваць радыкальным адыходам ад Расеі, але падтрымка яе ў Беларусі істотна зьніжаецца, піша Tut.by. Дасьледаваньне «Погляды беларусаў на палітычны крызіс» праводзілася з 13 па 18 лістапада з дапамогай онлайн-апытаньня.
Расею роўна палова ўдзельнікаў апытаньня назвала сяброўскай краінай. 82% ставяцца да ўсходняй суседкі станоўча і 14% — адмоўна. Але аўтар дасьледаваньня адзначае некаторыя зьмены, якія адбыліся за апошнія месяцы.
Так, 46% рэспандэнтаў заявілі, што іхная думка аб палітычным кіраўніцтве Расеі пагоршылася. Прычынай стала яго адкрытая падтрымка Аляксандра Лукашэнкі падчас палітычнага крызісу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія прапагандысты Лукашэнку не дапамаглі, — выснова сацыялягічнага дасьледаваньня«Вельмі рана казаць, што гэтае пагаршэньне радыкальнае, але, відавочна, што ідзе працэс расчараваньня Расеяй і звужэньня яе прыхільнікаў да нейкай абмежаванай групы. Па сутнасьці, прыхільнікі Лукашэнкі і прыхільнікі саюзу з Расеяй — адныя і тыя ж людзі», — удакладніў Рыгор Астапеня.
На думку экспэрта, далейшае існаваньне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі можа паскорыць зьмяншэньне ўплыву Расеі на Беларусь.
«З другога боку, яны бачаць, што дэмакратызацыя сыстэмы — гэта выклік, таму што можа адбыцца абуджэньне праэўрапейскіх настрояў, можа пачацца аддаленьне ад Расеі, таму што ва ўладу прыйдуць новыя людзі, больш ,,заходнія“ сваімі каштоўнасьцямі», — падсумаваў экспэрт.