Ён заявіў, што МАК ня выканаў адзін з базавых прынцыпаў алімпізму. У сваім камэнтары Баскаў сказаў, што цалкам падзяляе пазыцыю НАК і таксама лічыць, што рашэньне МАК «носіць перадузяты і неабгрунтаваны характар».
Ён упэўнены, што шмат у чым яно было прадыктавана зьнешнім палітычным ціскам, які аказваецца цяпер не толькі на саму Беларусь, але і на «шматлікіх яе партнэраў, у тым ліку і на міжнародную спартовую супольнасьць».
На думку Баскава, які таксама трапіў пад санкцыі як член выканкаму, МАК не ўлічыў адзін з галоўных прынцыпаў алімпізму — спорт павінен заставацца па-за палітыкай, сваёй мэтай ставіць аб’яднаньне, а не разьяднаньне нацый.
Таксама Дзьмітры Баскаў спадзяецца, што Нацыянальны алімпійскі камітэт на чале з Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным сынам Віктарам у якасьці першага намесьніка здолее абараніць інтарэсы ўсіх беларускіх спартоўцаў.
«НАК Беларусі штодня прыкладае ўсе намаганьні для разьвіцьця Алімпійскага руху ў нашай краіне і ўмацаваньня іміджу Беларусі на міжнароднай спартовай арэне», — сказаў Баскаў.
Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў Лукашэнку прысутнічаць на Алімпійскіх гульнях і іншых спаборніцтвах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 краін за 120 гадоў. Каго і за што адхілялі ад Алімпійскіх гульняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустрэча прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею з Лукашэнкам сарвалася праз каранавірус