Журналісты Радыё Свабода пагаварылі з мужам Натальлі Хершэ Робертам Штэелі, таксама грамадзянінам Швайцарыі. Ён сказаў, што ў яго «не было ніводнага шанцу спыніць» жонку, калі яна сабралася ехаць у Беларусь, а вынесены ёй прысуд ахарактарызаваў як «проста жах».
— Як зараз адчувае сябе Натальля? Дзе яе ўтрымліваюць?
— Цяпер яна ў Менску, але мы ня ведаем дакладна, у якім месцы. Трэба сачыць за тым, куды яе павязуць. У мяне няма магчымасьці зь ёй пагаварыць, таму ніякай інфармацыі пра гэта я ня маю, магу толькі даведавацца са СМІ, як і вы. Яна пасьпела напісаць мне некалькі лістоў, але ў іх яна сказала, што ёй забаронена паведамляць што-небудзь пра ўмовы ўтрыманьня ў турме. Паміж радкоў, як мне здалося, я змог прачытаць, што яна ў парадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуску са Швайцарыі асудзілі за сарваную зь сілавіка балаклаву на 2 гады і 6 месяцаў калёніі— У яе ёсьць родныя ў Беларусі?
— Так, брат, зь якім яна вельмі блізкая, але яму таксама забаронена яе наведваць у турме. Гэта дазволена рабіць толькі адвакату і прадстаўніку швайцарскага МЗС. Я думаю, цяпер гэтая сытуацыя зьменіцца, але як менавіта, пакуль складана сказаць. Гэтая турма ня з тых, што арыентаваныя на сэрвіс.
— Як і калі вы пазнаёміліся?
— Вельмі па-сучаснаму, як і ўсе цяпер, у інтэрнэце. Гэта было два гады таму, летам. У нас было спатканьне на маляўнічым возеры, і так усё гэта пачалося. Яна ў той момант ужо 10 гадоў жыла ў Швайцарыі. Была замужам за іншым швайцарцам, але ён памёр.
— Як ёй прыйшла ў галаву ідэя паехаць у Беларусь? Вы баяліся яе туды адпускаць?
— У мяне не было ніводнага шанцу яе спыніць. Калі ў яе зьявілася гэтая ідэя, яна ўся была перапоўненая энтузіязмам і энэргіяй. Я зразумеў, што яна проста павінна паехаць туды.
— Гэта значыць, яна ехала ў Беларусь мэтанакіравана для таго, каб удзельнічаць у акцыях пратэсту?
— І каб абараніць у сябе на радзіме дэмакратыю, тыя каштоўнасьці, паводле якіх мы жывём тут, у Швайцарыі.
— Вы ў гэты момант ужо ведалі нешта аб пратэстах у Беларусі? Усьведамлялі небясьпеку, якая ёй пагражае?
— Так, я ведаў, што некаторыя людзі пасьля акцый пратэсту ў Беларусі трапляюць у турму: на некалькі дзён, на два тыдні. Але рызыку, што ёй дадуць два з паловай гады турмы, я сур’ёзна не разглядаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Швайцарыі адрэгавалі на вырак сваёй грамадзянцы ў Менску за сарваную зь сілавіка балаклаву— Вы глядзелі відэа, на якіх беларуская міліцыя б'е пратэстоўцаў?
— Калі шчыра, не. Я стараўся іх не глядзець. Я і так схільны да фантазій у сваёй галаве, я не хацеў да гэтага дадаць яшчэ і такія рэчы.
— Як вы даведаліся аб яе затрыманьні?
— Яна пасьпела адправіць мне SMS з аўтобуса, у які яе пасадзілі. Потым я ўбачыў яе імя ў сьпісе затрыманых на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна». Затым пачаўся жудасны час: доўгі пэрыяд, калі я ня ведаў нічога. Пры гэтым у прэсе было мноства жудасных гісторый пра гвалт над пратэстоўцамі, і чаго толькі я не ўяўляў сабе ў галаве!
— Доўга так працягвалася?
— Каля двух тыдняў. Потым брат Натальлі знайшоў адваката, але ні зь ім, ні зь яе братам мне не ўдалося толкам пагаварыць. Я зусім ня ведаю расейскай мовы; брат мне нешта пісаў пра свае размовы з адвакатам, але мне даводзілася перакладаць гэта праз гугл-перакладчык. Пагаварыць я змог толькі з прадстаўніком швайцарскага МЗС, калі ён падключыўся да справы. У гэты момант я ўжо адчуў сябе крыху лепш. І толькі праз 40 дзён я атрымаў ад Натальлі першы ліст. Ён быў пасьля цэнзуры, але я адчуў, што зь ёй усё добра, што яна не зазнала фізычнага гвалту, што ў яе няма нейкіх сурʼёзных траўмаў.
— Вы бачылі відэа, на якім затрыманьне Натальлі? Як вы можаце пракамэнтаваць?
— Так, бачыў. Што я магу сказаць — яно мяне не зьдзівіла. У яе ёсьць гонар і энэргія. Яна лёгкая на ўздым.
— Што вы можаце сказаць аб прадʼяўленым ёй абвінавачаньні? Ці лічыце вы яго справядлівым?
— Не, вядома. Гэта проста жах. Я думаю, гэта проста сыгнал астатнім: нават ня думайце так сябе паводзіць, супраціўляцца.
— Вы бачылі калі-небудзь у Швайцарыі паліцыянтаў у балаклавах?
— Не, але думаю, што такое магчыма.
— Навошта, на вашу думку, беларускія сілавікі хаваюць свае твары?
— Каб абараніць сябе ад людзей? (Сьмяецца) Далёка ня ўсе ставяцца да іх, як да сяброў.
— Што вы наогул думаеце пра Аляксандра Лукашэнку і беларускія пратэсты?
— Усе ведаюць, што ён дыктатар. Мы так гэта бачым. Я выступаю за дэмакратычныя каштоўнасьці. Я думаю, я спадзяюся, што яго час падыдзе да канца.
— Як вам дапамагаюць швайцарскія ўлады? Ці адчуваеце вы падтрымку яшчэ аднекуль?
— Сябры Нацыянальнай рады Швайцарыі арганізавалі акцыю ў яе падтрымку, склалі пэтыцыю. Адзін зь міністраў зьвярнуўся да нашага міністра замежных спраў з просьбай умяшацца, але гэта ўсё толькі размовы.
— Ці будзе адвакат Натальлі абскарджваць прысуд?
— У мяне няма прамой сувязі з адвакатам, але я чуў, што ён зьбіраецца гэта зрабіць. Але я ня думаю, што ў сыстэме, дзе наверсе такі дыктатар, як Лукашэнка, гэта спрацуе. Буду рады памыліцца.
— І ўсё ж, мне здаецца, вы настроены аптымістычна і разьлічваеце ўбачыць сваю жонку раней, чым праз два з паловай гады. Калі гэта ўдасца, ці адпусьціце вы яе зноў у Беларусь?
— (Сьмяецца.) Так, я спадзяюся ўбачыць яе раней. Можа быць, беларускі рэжым абрынецца, гэта магчыма. Можа быць, нам пашанцуе і нашы швайцарскія палітыкі змогуць зрабіць штосьці большае, чым проста заявы: перакрыюць Лукашэнку фінансавыя патокі або штосьці кшталту гэтага. Свабода вельмі важная для мяне, але калі ёй трэба будзе зноў паехаць... Нават не ведаю. Ня ўпэўнены, што другі раз я зраблю гэтаксама і адпушчу яе.