Як паведамілі Свабодзе ў Міністэрстве лічбавай трансфармацыі Ўкраіны, у краіне ажыцьцяўляецца адмысловы праект падтрыманьня беларускіх спэцыялістаў сэктару, распрацаваны супольна з ІТ-асацыяцыямі, міністэрствамі эканомікі і замежных справаў.
Адпаведны пакрокавы плян, які дазваляе беларускім спэцыялістам пераехаць ва Ўкраіну, падтрымліваюць прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі і міністар лічбавай трансфармацыі Міхайла Фёдараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі рынак працы больш адкрываецца для беларусаўДля беларусаў створаны адмысловы сайт, на якім можна даведацца аб неабходным для пераезду пакеце дакумэнтаў, а для хуткай дапамогі бесьперапынна працуе гарачая лінія.
Каб заахвоціць беларускіх ІТ-спэцыялістаў да пераезду ва Ўкраіну, Міністэрства лічбавай трансфармацыі ініцыявала замацаваньне на заканадаўчым узроўні выбару спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня нават без дазволу на часовае або сталае жыхарства, а таксама магчымасьці быць на тэрыторыі Ўкраіны больш за 90 дзён без дазволу на жыхарства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе, калі ўсе «разумныя» зьедуць зь Беларусі, як прапануюць чыноўнікіУ Міністэрстве лічбавай трансфармацыі Ўкраіны ўдакладнілі, што распрацоўваюць і такія зьмены ў заканадаўства, якія дазволяць беларусам рэгістравацца як фізычная асоба-прадпрымальнік і ўжо на гэтай падставе атрымліваць дазвол на часовае жыхарства ва Ўкраіне.
На пачатку кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ № 420/2020 «Аб некаторых захадах для прыцягненьня прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якія ёсьць грамадзянамі Рэспублікі Беларусі».
Беларускі бок назваў гэты дакумэнт недружалюбным і дыскрымінацыйным крокам, а МЗС Беларусі ўручыў ноту ўкраінскаму амбасадару з прычыны таго, што Ўкраіна прыняла гэты ўказ «у парушэньне агульнапрынятых праўных нормаў распаўсюджвае сваё дзеяньне выключна на грамадзян суседняй дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 800 беларускіх ІТ-спэцыялістаў скарысталі праграму пераезду ў ПольшчуУ верасьні ўкраінскі бок заяўляў, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ва Ўкраіну зьехалі каля 300 прадстаўнікоў ІТ-індустрыі.
З восені ва Ўкраіне пачалі ствараць віртуальную свабодную эканамічную зону для ІТ-кампаніяў з асаблівым падатковым, фінансавым і праўным рэжымам «Дія. City». У распрацоўцы неабходнай заканадаўчай базы удзельнічае беларускі спэцыяліст Дзяніс Алейнікаў — адзін з аўтараў заканадаўства аб беларускім Парку высокіх тэхналёгіяў і дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Зь верасьня Дзяніс Алейнікаў працуе дарадцам міністра лічбавай трансфармацыі Ўкраіны Міхайлы Фёдарава.