Кіраўнік дэпартамэнту судзьдзёўства і інспэктаваньня Беларускай фэдэрацыі футболу Андрэй Чэпа звольніўся з працы.
Як паведамляе партал «Трыбуна», ён адмовіўся падпісваць праўладны зварот спартовай грамадзкасьці.
Паводле інфармацыі выданьня, Андрэй Чэпа напісаў заяву аб звальненьні на ўласнае жаданьне і паінфармаваў калегаў праз рассылку ў карпаратыўнай электроннай пошце. Свой ліст ён завершыў словамі «Жыве Беларусь!».
У сярэдзіне кастрычніка ягоную дачку Юлію звольнілі зь Міністэрства спорту і турызму. У сваім Інстаграме пасьля звальненьня яна напісала: «Сорамна, што ўвогуле мела дачыненьне да гэтай арганізацыі» .
Андрэй Чэпа — былы футбольны арбітар, працаваў галоўным рэдактарам газэты «Всё о футболе», камэнтаваў матчы і судзьдзёўскія моманты на тэлевізіі, летась узначаліў дэпартамэнт судзьдзёўства фэдэрацыі.