У ЭГУ адкрываецца надзвычайны фонд падтрымкі студэнтаў зь Беларусі. Швэцыя дае на яго 100 000 эўра

Новы офіс ЭГУ ў Вільні, 2018 год

У адказ на бесьперапынныя рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных пратэстаў і акцыяў салідарнасьці ў Беларусі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні паведамляе аб заснаваньні надзвычайнага фонду для падтрымкі беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў, гаворыцца на сайце ЭГУ.

На падставе першай складкі ад Швэдзкага інстытуту пачатковы аб’ём надзвычайнага фонду ЭГУ складзе каля 100 000 эўра. Ахвяраваньне швэдзкіх партнэраў, паводле сайту ўнівэрсытэту, дазволіць ЭГУ і надалей дапамагаць тым студэнтам зь Беларусі, якія трапляюць пад перасьлед з палітычных матываў на сваёй радзіме.

Аналягічны фонд быў створаны ў ЭГУ для падтрымкі студэнтаў, адлічаных з унівэрсытэтаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праграма імя Каліноўскага пасьля хвалі адлічэньняў беларускіх студэнтаў абвясьціла дадатковы набор у польскія ВНУ

Студэнты, якія пацярпелі ад палітычнага і іншага ціску, а таксама адлічаныя зь беларускіх ВНУ могуць зьвярнуцца ў ЭГУ для пераводу на адну з абраных навучальных праграмаў і бясплатнага навучаньня паводле акадэмічнай мадэлі «сямі свабодных мастацтваў».

Выкладчыкам і навукоўцам з ВНУ і дасьледчых установаў Беларусі, якія сутыкаюцца з палітычным ціскам уладаў, у ЭГУ прапануюць загадзя і індывідуальным чынам зьвязацца з дэпартамэнтам сацыяльных навук або дэпартамэнтам гуманітарных навук і мастацтваў для ўзгадненьня сумесных дасьледаваньняў на падставе навуковага стажаваньня (research fellowship) пры беларускім унівэрсытэце ў выгнаньні ў Вільні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з найбольш прэстыжных унівэрсытэтаў Украіны распрацаваў спэцыяльную праграму для студэнтаў зь Беларусі

Магчымасьць пераводу прапануецца ў наступных праграмах вочнай і дыстанцыйнай формаў навучаньня:

  • Бакалярская праграма «Візуальны дызайн» (бакаляр мастацтваў)
  • Бакалярская праграма «Эўрапейская спадчына» (бакаляр гуманітарных навук)
  • Бакалярская праграма «Мэдыя і камунікацыя» (бакаляр сацыяльных навук)
  • Бакалярская праграма «Сусьветная палітыка і эканоміка» (бакаляр сацыяльных навук)
  • Праграма бесьперапыннага навучаньня «Міжнароднае права і права Эўрапейскага Зьвязу» (магістар права)