Падчас страляніны на мяжы Ўкраіны і Расеі ФСБ застрэліла цывільную асобу, — крыніца

Пункт пропуску «Гоптаўка ў Харкаўскай вобласьці, архіўнае фота, 2018 год

На тэрыторыі Расеі ў ноч на 4 сьнежня загінуў грамадзянін Украіны, жыхар Сумскай вобласьці Голубеў Яўген Уладзіміравіч, 1993 г. н. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла крыніца ў праваахоўных органах.

Паводле суразмоўцы Радыё Свабода, забіты быў добра вядомы мясцовым праваахоўнікам, быў фігурантам некалькіх крымінальных справаў, яго вінавацілі ў хуліганстве і ў разбоі. Часта езьдзіў у памежную з Украінай Белгарадзкую вобласьць, дзе меў сяброў. Як кажуць яго знаёмыя, неаднаразова арганізоўваў там вечарынкі на азёрах «для сваіх», што любяць езьдзіць на рыбу.

У той жа час суразмоўца Радыё Свабода ў праваахоўных органах адзначае, што, нягледзячы на крымінальнае мінулае забітага мужчыны, фактам застаецца тое, што прадстаўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі забілі цывільную асобу і не прадэманстравалі ніякіх доказаў яе агрэсіўных дзеяньняў пры затрыманьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФСБ паведаміла пра забітага падчас страляніны на мяжы з Украінай. Ёсьць адказ Кіева

Суразмоўца адзначае, што кантрабандысты звычайна зброю з сабой ня носяць, максымум — цеплавізары. З памежнікамі Расеі прасьцей «дамовіцца» за грошы, чым ладзіць страляніну. Таму, мяркуе крыніца, грамадзянін Украіны Яўген Голубеў, расеец паводле нацыянальнасьці, стаў выпадковай ахвярай памежнікаў, а далейшая «раскрутка» імі сцэнару «гераічнай» апэрацыі на мяжы падобная на спробу схаваць адказнасьць службовых асобаў ФСБ за забойства цывільнай асобы. Цалкам імаверна, адзначае суразмоўца, што неўзабаве расейскія памежнікі прадэманструюць зброю, якая нібыта належала Голубеву, ці нават апублікуюць здымкі яго цела ў форме вайсковага ўзору.

Расейскі бок не апублікаваў зьвестак пра застрэленага грамадзяніна Ўкраіны.

Радыё Свабода зьвярнулася з афіцыйнымі запытамі да Нацыянальнай паліцыі і Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны з просьбай пацьвердзіць асобу загінулага і пракамэнтаваць абставіны інцыдэнту.

Раней 4 сьнежня Фэдэральная служба бясьпекі Расеі паведаміла, што на мяжы Расеі і Ўкраіны адбылася страляніна. Паводле вэрсіі ведамства, трое невядомых са зброяй нібыта спрабавалі прарвацца ў Расею з тэрыторыі Ўкраіны.