У Львове адкрылася выстава Ўладзімера Цэсьлера «Верым, можам, пераможам»

Выстава працаў Цэсьлера ў Львоўскім муніцыпальным мастацкім цэнтры

Львоў стаў чацьвёртым украінскім горадам, які прымае выставу палітычных плякатаў вядомага ў Беларусі мастака-дызайнэра і сябра Каардынацыйнай рады Ўладзімера Цэсьлера. Да гэтага ягоныя працы змаглі пабачыць у Кіеве, Адэсе і Сумах.

Як паведамілі Свабодзе ў Львоўскім муніцыпальным мастацкім цэнтры, дзе арганізавана выстаўка, працы беларускага мастака выклікаюць вялікую цікаўнасьць ў львавян.

«За тры дні, пакуль дзейнічае выстава, яе ўжо наведалі 800 гледачоў», — сказала Свабодзе мэнэджэрка цэнтру.

Львоўскую выставу наведалі беларусы, якія вымушаныя былі ўцякаць зь Беларусі ад перасьледу

Паводле яе, выстава, у якую ўключана 12 пратэставых плякатаў, будзе дзейнічаць да 14 сьнежня, а потым пераедзе ў іншы горад. У рамках выставы ў цэнтры адбудзецца лекцыя пра актыўнасьці беларускіх мастакоў у часе акцыяў пратэсту, якія пачаліся ў Беларусі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве адкрылася выстава плякатаў сябра Каардынацыйнай рады Цэсьлера

Пасьля выбараў Уладзімер Цэсьлер пачаў публікаваць у сацыяльных сетках свае працы, а 21 жніўня вымушаны быў зьехаць зь Беларусі.

«Пагрозаў не было, але, як толькі я выклаў свой апошні пост са свастыкай, сказалі схавацца. Не казалі, што мне нехта пагражае, але сказалі: „Ты што, хочаш, каб цябе ўкачалі ў асфальт?“ Усе пачалі прапаноўваць дапамогу. І я, не чакаючы, пераехаў цяпер у іншае месца, тут недалёка», — сказаў ён тады карэспандэнту Свабоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомы мастак і сябар Каардынацыйнай рады Ўладзімер Цэсьлер пакінуў Беларусь