67 беларусаў папрасілі палітычнага прыстанішча ў Літве

«Ланцуг салідарнасці» зь Беларусьсю ў Літве удзелам экс-прэзыдэнткі Далі Грыбаўскайце.

Выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Літвы Рыта Тамашунене заявіла, што цяпер беларусаў, якія просяць дазволу літоўскіх уладаў на пераезд, стала меней у параўнаньні зь летам.

У Літву з гуманітарных прычынаў дазволілі прыехаць 689 грамадзянам Беларусі, траціна ўжо пераехала, паведамляе агенцтва BNS.

7 сьнежня агенцтва са спасылкай на літоўскае Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што 285 гэтых асобаў ужо ў Літве, 67 зь іх папрасілі прыстанішча.

Дазвол міністра ўнутраных спраў выдаецца на падставе матываванай прапановы Міністэрства замежных спраў аб прыезьдзе іншаземца ў Літву з асаблівых гуманітарных прычынаў, такім, як палітычныя абставіны або іншыя пагрозы бясьпецы грамадзяніна замежнай дзяржавы. Такая мера ўжываецца літоўскімі ўладамі з 11 верасьня.

Усе беларусы, прыбыўшы ў краіну, абавязкова праходзяць самаізаляцыю для недапушчэньня распаўсюджаньня каранавірусу.

Беларусы, якія жадаюць прыехаць у Літву з асаблівых гуманітарных прычынаў, павінны зьвяртацца ў амбасаду Літвы ў Беларусі па шэнгенскую візу і даць інфармацыю, якая пацьвярджае наяўнасьць такіх прычын.

Палітычнага прыстанішча беларусы маюць права прасіць у пункце памежнага кантролю, Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы або ў Дэпартамэнце міграцыі. Пасьля разгляду просьбы прызначаецца адна з формаў прыстанішча – статус уцекача або дадатковая ахова, а таксама даецца від на жыхарства ў Літве.

Таксама напярэдадні міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў пра тое, што кіраўніцтва Літвы сярод ініцыятараў новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

Часьцей, чым у Літву, беларусы выяжджаюць у Польшчу. У сярэдзіне лістапада віцэ-міністар унутраных справаў гэтай краіны Барташ Градзецкі заяўляў, што з 18 жніўня па 12 лістапада ў Польшчу па гуманітарных візах уехалі 1050 беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пацярпелым ад рэпрэсій беларусам літоўскія візы будуць даваць бясплатна