Алексіевіч уваходзіць у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі, яна вымушана пакінула краіну ў канцы верасьня і знаходзіцца ў Нямеччыне.
«Мая родная Беларусь перажывае адзін з драматычных момантаў у сваёй гісторыі», — заявіла пісьменьніца, выступаючы 4 сьнежня ад імя міжнароднага ПЭН-цэнтру ў ходзе інтэрактыўнага дыялёгу Рады ААН па правах чалавека аб сытуацыі ў Беларусі.
«Тысячы беларусаў і беларусак выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць гвалту, супраць несправядлівасьці і фальсыфікацый. Але ўлады адказваюць новымі актамі запалохваньня, арыштамі і катаваньнямі», — сказала Алексіевіч. Яна падкрэсьліла, што сотням людзей у Беларусі пагражае крымінальны перасьлед, шмат хто быў вымушаны пакінуць краіну.
«На жаль, як часта ўжо бывала ў беларускай гісторыі, моманты найвышэйшага духоўнага ўздыму не аддзеленыя ад ахвяраў, — адзначыла пісьменьніца. — 11 лістапада малады мастак Раман Бандарэнка стаў ахвярай несправакаванага гвалту з боку людзей з закрытымі тварамі, якія зьбілі яго. Ён быў дастаўлены ў міліцыю, а затым у бальніцу ў коме зь цяжкімі траўмамі галавы. 12 лістапада Раман Бандарэнка памёр у рэанімацыі».
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады падкрэсьліла, што беларускае грамадзтва і інтэлектуальная эліта краіны — «прыхільнікі мірнага вырашэньня грамадзка-палітычнага крызісу, дыялёгу».
«Аднак дыялёг ня можа рэалізавацца любой цаной, — сказала яна. — Ад імя грамадзянскай супольнасьці я заклікаю Раду ААН па правах чалавека выкарыстоўваць усе наяўныя ў яе сродкі для рэагаваньня на сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку разгледзець пытаньне аб стварэньні спэцыяльных мэханізмаў расьсьледаваньня».
У ходзе інтэрактыўнага дыялёгу Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет прадставіла агляд сытуацыі ў Беларусі. Яна адзначыла, што сытуацыя ў Беларусі ня толькі не палепшылася, але ў апошнія тыдні яшчэ больш пагоршылася.
«Я занепакоеная прымяненьнем сілы падчас мірных сходаў, — сказала Бачэлет. — Улады павінны садзейнічаць правядзеньню мірных акцый пратэсту, прымяненьне сілы павінна быць прапарцыйнай і выключнай мерай».
Камісар заклікала беларускія ўлады спыніць парушэньні правоў чалавека ў краіне. «Заклікаю неадкладна вызваліць усіх, хто быў незаконна затрыманы за рэалізацыю свайго права на свабоду мірных сходаў, стварыць спрыяльнае асяродзьдзе для працы адвакатаў, праваабаронцаў, журналістаў, а таксама забясьпечыць выкананьне права грамадзян на свабоду слова і сходаў, забясьпечыць незалежнае і адкрытае расьсьледаваньне ўсіх выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня», — сказала Бачэлет.
- Затым выказаліся прадстаўнікі дэлегацый розных краін. Большасьць зь іх асудзілі ўжываньне гвалту ў дачыненьні да мірных пратэстоўцаў, перасьлед журналістаў, адвакатаў і праваабаронцаў, наяўнасьць палітвязьняў у краіне. Яны таксама заклікалі беларускія ўлады спыніць гвалт у дачыненьні да мірных грамадзян і правесьці незалежнае і галоснае расьсьледаваньне ўсіх выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня з затрыманымі з боку супрацоўнікаў сілавых структур і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
- У падтрымку афіцыйнага Менску выказаліся дэлегацыі такіх краін, як Куба, Расея, КНДР, Сырыя.