Літаратурны каляндар Радыё Свабода — у першую суботу кожнага месяца.
Паэзія
Вольга Гапеева. «там дзе нараджаецца сьнег». Паэтычны каляндар 2021 з малюнкамі аўтаркі. Менск, «Галіяфы».
Паэтка, перакладчыца, мысьлярка — што б яна ні рабіла, робіць гэта нечакана. Гэтым разам Вольга Гапеева зьдзіўляе сваім паэтычным календаром. Дванаццаць вершаў, дапоўненыя ўласнымі малюнкамі, сталі квінтэсэнцыяй на кожны месяц.
Вось красавіцкі:
пакуль усе займаюцца важкімі справамі
мы з птушкай слухаем адна адну
кажуць яны ня ўмеюць думаць
затое ўмеюць спаць і ня падаць з галін
вось бы і мне забыцца на гравітацыю
А вось лістападаўскі:
і калі вочы стануць чыстымі ад аблокаў
і калі вецер лісьце назад да дрэваў уздыме
я ўпаду
як тэмпэратура за вокнамі
ніжэй спадара Цэльсія
Унікальнае для беларускай паэзіі выданьне рызыкуе адразу стаць і рарытэтным — наклад усяго 300 асобнікаў. Не прапусьціце.
Марыя Мартысевіч. «Як пазбыцца Маматута». Менск, «Коsка».
Пра гэтае выданьне можна з поўным правам распавядаць у разьдзеле дзіцячай літаратуры, але аўтарка вызначыла яе жанр як «кніга дзіцячых вершаў для дарослых». Зрэшты, гэтую ўмоўнасьць кожны, хто ўжо ўмее чытаць, вызначыць сам для сябе, альбо за добрымі вершамі зусім яе не заўважыць.
Мама зрабіла пакой для «юнага капітана»,
ды не заўважае, што карабель — пірацкі,
што ветразь парваны, палуба — расхістаная
і балянсуюць на рэі аднаногія цацкі.
Тата майструе мэблю для «маленькай прынцэсы»
ды не здагадваецца, што прынцэса — разбойніца,
што ёй бы ня лялечны, а паляўнічы дамок,
пад ногі — шкуру трафэйнага Віні-Пуха,
што ў шафе ціхутка плача палонны рыцар,
а гэтая мілая нянечка заўтра звольніцца.
І пакуль мама з татам глядзяць тэлевізар у зале,
дзеці спускаюцца зь вежаў, высаджваюцца на бераг,
зрываюць слюняўчыкі, якія ім навязалі
малююць сваю гісторыю на шпалерах.
Юрый Іздрык. «Папяросы». Пераклад з украінскай Алеся Плоткі. Менск, «Галіяфы».
«25 вершаў бяз фільтру» — аўтарскае вызначэньне жанру тлумачаць у анонсе выдаўцы: «Папяросы» — адзіная на сёньня кніга культавага аўтара Юрко Іздрыка, выдадзеная ў беларускім перакладзе. Жаднае сьлінявае рамантыкі і мармэляднае лірыкі. Праўдзівая паэзія пра жыцьцё і сьмерць, пошукі сэнсаў і «тунэляў зь нявыкруткі». Аднак уважлівы чытач заўважыць за маладою эпатажнасьцю і бравадай і лірыку, і рамантыку, і боль нічым неабароненай душы.
Трэба скінуць, каханая, шкуры,
папсутыя мольлю,
і вылушчвацца з хаты,
з парога сарвацца на бег
рушыць прама на поўдзень,
дзе завея таньчыць на волі,
каб упасьці абліччам у цнатлівы,
беленькі сьнег.
Проза
Салі Руні. «Нармальныя людзі». Пераклад з ангельскай Ганны Янкуты. Менск, выдавец Андрэй Янушкевіч.
Галоўныя героі кнігі Конэл Ўолдран і Мэрыян Шэрыдан жывуць у невялікім ірляндзкім гарадку, вучацца ў адной клясе, але належаць да абсалютна розных сусьветаў: яна — самотніца з багатай сям’і, ён — папулярны ў школе хлопец, чыя маці прыбірае ў доме Шэрыданаў. Спакойнае жыцьцё герояў пераварочваецца, калі паміж імі ўзьнікае незразумелае для абаіх пачуцьцё. Пераехаўшы пасьля заканчэньня школы ў Дублін, Конэл і Мэрыян спрабуюць знайсьці сябе і ўрэшце разабрацца, што іх яднае.
Салі Руні пасьпелі ахрысьціць «Сэлінджэрам для міленіялаў», а яе раман стаў бэстсэлерам амаль ва ўсіх краінах, дзе выйшаў у перакладах. У Вялікабрытаніі нават зьнялі сэрыял па кнізе. «Гэта — клясыка будучыні», — заявіла ўплывовая газэта The Guardian. А часопіс Esquire назваў раман «Нармальныя людзі» «ідэальным прыкладам таго, як пісаць пра каханьне ў XXI стагодзьдзі».
Сяргей Пясецкі. «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы». Аўдыёкніга. Менск, выдавец Ігар Логвінаў.
«Жылі мы як каралі. Гарэлку пілі шклянкамі. Кахалі нас прыгожыя дзяўчаты. А мы купаліся ў золаце. Плацілі золатам, срэбрам і далярамі. Плацілі за ўсё: і за гарэлку, і за музыку. За каханьне плацілі каханьнем, за нянавісьць —нянавісьцю», — пісаў Сяргей Пясецкі. Ягоны славуты раман «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» пра небясьпечнае і калярытнае жыцьцё ракаўскіх кантрабандыстаў цяпер выходзіць у аўдыёфармаце. Поўны аўтарскі тэкст кнігі агучыў вядомы беларускі актор Раман Падаляка.
Аўдыё «Каханка…» можна набыць у mp3-фармаце і ў выглядзе падарункавай флэш-карты.
Дзіцячая літаратура
Ганна Янкута. «Марта і яе мара пра сьнег». Менск, «Папуры».
Марце хочацца ляпіць сьнегавікоў і гуляць у сьнежкі, аднак зіма спазьняецца, і на дварэ толькі лужыны і гразюка. Вядома, вешаць нос ня варта, бо калі ты моцна пра нешта марыш, твая мара можа спраўдзіцца. Але асьцярожна: часам гэта прыводзіць да нечаканых наступстваў! Калі ў горадзе пачынаецца самы грандыёзны ў сьвеце сьнегапад, Марта і яе новыя сябры мусяць разабрацца, хто ці што за гэтым стаіць.
У новай кнізе Ганны Янкуты вы даведаецеся, адкуль бярэцца сьнег, як функцыянуюць мары і як змагацца з нудой і прыроднымі катаклізмамі. Дэтэктыўны сюжэт спалучаецца з фантастычнымі прыгодамі, дзіўнымі знаёмствамі і нечаканымі адкрыцьцямі.
Вераніка Ляўчук. «Пра маму Зорачку і пра маленькую Зай». Менск, «Галіяфы».
За Сьпякотнымі балотамі, за Даўгім лесам, паблізу Возера Белага пад трыма ліпамі стаіць хацінка. Жыве тут сям’я масаў — самавітых гаспадароў і чарадзеяў. І вось аднойчы ў іх доме зьяўляецца маленькая Зай. Яна прыйшла аднекуль здалёк, а можа, з самога неба. Яна нічога ня ведае пра зямлю, пра краіну масаў, а тым больш пра свой чарадзейны дар. Адзіны, на каго яна можа разьлічваць, — гэта мама Зорачка. І хоць тая шмат стараецца, увесь час нешта ідзе ня так: то Возера Белае зьмялее, то сама ператворыцца ў цмока, то Вялікую Руціну раззлуе. І што рабіць?
Мама Зорачка і маленькая Зай выпраўляюцца ў падарожжа па Рацэ ведаў, да самога Бурштынавага мора, якое ад усіх турбот ратуе. Толькі б не забыць пра дом, толькі б дар адкрыць, толькі б мама была побач.
46 казачных гісторый і 273 аўтарскія малюнкі будуць усю зіму радаваць дарослых чытачоў і малых слухачоў.
Мая Лундэ. «Сьнежная сястра». Калядная гісторыя. Пераклад з нарвэскай Юлі Цімафеевай. Менск, выдавец Андрэй Янушкевіч.
Вось-вось наступіць Раство, а з ім і дзень нараджэньня Юліяна. Калядны час — зазвычай самы радасны ў годзе. Толькі сёлета ўсё ня так, як заўжды. У сям’ю Юліяна прыйшло гора: яго старэйшая сястра Юні памерла. Хлопчыку пачынае здавацца, што Раство ў іх дома адмянілі. Але раптам Юліян сустракае жыцьцярадасную Хэдвіг. Дзяўчынка паказвае яму, якім цудоўным бывае Раство, і дае надзею на тое, што яно ўсё роўна прыйдзе. Толькі вось у доме, дзе жыве Хэдвіг, адбываецца нешта таямнічае. Што за дзіўны стары наведваецца сюды? І што за сакрэт хавае сама Хэдвіг?
«„Сьнежная сястра“ — прыгожая і мудрая кніга, у якой ёсьць усё, чаго прагне сэрца. Гэтую перадкалядную гісторыю захочацца перачытваць з году ў год і кожнага разу радавацца, што жывеш, і табе ёсьць, чаго чакаць», — газэта VG.
Астрыд Ліндгрэн. «Піпі Доўгая Панчоха». Пераклад са швэдзкай Алены Казловай. Менск, «Папуры».
Піпі Доўгая Панчоха — самая моцная, самая добрая, самая вясёлая і самая багатая дзяўчынка на сьвеце. Яна жыве зусім адна на віле «Напракудзіле», у яе ёсьць конь і малпачка, а яшчэ — чамадан, набіты залатымі манэтамі…
Астрыд Ліндгрэн прыдумала гісторыю пра Піпі ў 1944 годзе для сваёй хворай дачкі. Ішла Другая ўсясьветная вайна, і людзям вельмі моцна была патрэбна добрая гісторыя, вера ў сілу, большую за ўсё зло, якое здавалася непераможным. Першая кніга пра Піпі была надрукаваная ў 1945 годзе і адразу зрабілася вельмі папулярнай.
У 2020 годзе адзначалася 75-годзьдзе самай знакамітай у сьвеце дзяўчынкі. Да гэтага юбілею выдавецтва «Папуры» і падрыхтавала дзьве першыя кнігі пра Піпі з каляровымі ілюстрацыямі Інгрыд Ванг Нюман.
Стыян Холе. «Неба Ганны». Пераклад з нарвэскай Юлі Цімафеевай. Менск, «Коsка».
Гэтая кніга поўная смутку, любові ды пяшчоты. У дзяўчынкі Ганны памерла маці, і яна разам з татам спрабуе ўявіць сабе неба, куды трапіла мама, і што яна там робіць. Старыя ўспаміны і новыя думкі зьмешваюцца, і ўрэшце становіцца ня так самотна і сумна. Наша фантазія ня мае межаў і дапамагае нам перажываць самыя складаныя моманты і спраўляцца з самымі вялікімі нашымі страхамі.
Эма Адбоге. «Яміна». Пераклад са швэдзкай Надзі Кандрусевіч. Менск, «Koska».
Кнігі швэдзкай дзіцячай пісьменьніцы ды ілюстратаркі Эмы Адбоге маюць свой адметны стыль і атмасфэру. У тэксьце ды ілюстрацыях шмат гумару, эмоцый ды тонкіх дэталяў. Гэтая кніга пра сьвет дзяцей з іх гульнямі ды простымі забавамі і сьвет дарослых, і пра тое, што адбываецца, калі два сьветы сутыкаюцца. «Яміна» атрымала прэмію Аўгуста і стала найлепшай кнігай для дзяцей, што выходзіла ў Швэцыі ў 2018 годзе.
Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіст. «Мама Му, Крумкач і Каляды». Пераклад са швэдзкай Надзі Кандрусевіч. Менск, «Koska».
Любімыя ўжо беларускай дзятвой Мама Му і яе сябар Крумкач сустракаюць Каляды. Якія падарункі зробіць сабе Крумкач і што атрымае ад сваёй сяброўкі Мамы Му?
Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіст «Калядны сшытак Мамы Му і Крумкача». Менск,«Koska».
Тут ня проста калядны сшытак з заданьнямі, гульнямі, але і з сапраўдным цынамонавым дамком.
Дакумэнталістыка
Мітрафан Доўнар-Запольскі. Асоба ў дакумэнтах і ўспамінах. Укладальніца Валянціна Мятліцкая. Менск, «Лімарыюс».
Зборнік уключае архіўныя дакумэнты, карэспандэнцыю і ўспаміны, якія асьвятляюць жыцьцёвы і навуковы шлях славутага гісторыка, этнографа і эканаміста Мітрафана Доўнар-Запольскага (1868–1934). Большасьць матэрыялаў друкуецца ўпершыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: лістапад