Беларускі фонд спартовай салідарнасьці прафінансаваў зборы лёгкаатлеткам, пазбаўленым дзяржаўных стыпэндыяў

Вольга. Мазуронак, 2016 год.

Вольга Мазуронак і Дар’я Барысевіч адправяцца на збор у Турэччыну за кошт дабрачынцаў.

Лёгкаатлетак прафінансаваў Беларускі фонд спартовай салідарнасьці пасьля таго, як чыноўнікі зьнялі іх з дзяржаўных стыпэндый.

Вучэбна-трэнавальны збор пройдзе з 3-га па 25-га студзеня і будзе мець на мэце падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў у Токіё, якія адклалі да лета 2021 году.

Дар’я Барысевіч – срэбная прызэрка чэмпіянату сьвету 2017 году ў неалімпійскай эстафэце 4х800 мэтраў, асноўная дыстанцыя — бег на 1500 мэтраў.

Двухразовая чэмпіёнка Эўропы ў маратонскім бегу Вольга Мазуронак раней заявіла пра тое, што была пазбаўлена дзяржаўнай падтрымкі:

«Пасьля таго, як я падпісала ліст, на маю падрыхтоўку ня выдзелена ніводнага рубля! Нас усіх атэставалі ў закрытым рэжыме, гэта значыць бяз нашага ўдзелу. Маё прозьвішча са сьпісу ўдзельнікаў збору выкрасьліў асабіста міністар спорту Кавальчук. Кажуць, ён пакрыўдзіўся на тое, што ў адным з інтэрвію я назвала яго некампэтэнтным. Ён пазбавіў мяне прэзыдэнцкай стыпэндыі, якую я зарабіла катаржнай працай і высокімі вынікамі. Акрамя перамогі на чэмпіянаце Эўропы-2018, я фінішавала пятай на Алімпійскіх гульнях і ў цяжкім маратоне на леташнім чэмпіянаце сьвету ў Досе».

Дзеля падтрымкі атлетаў, звольненых з нацыянальных камандаў, сумесна са Свабодным аб’яднаньнем спартоўцаў SOS_BY распачаты дабрачынны праект «Спартоўцы свабоды». Дабрачынныя акцыі пройдуць у краінах Эўропы, у Расеі, ЗША, Канадзе, Японіі.

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці 3 сьнежня паабяцаў дапамогу рэпрэсаваным спартоўцам з падрыхтоўкай і паездкай на Алімпіяду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэпрэсаваныя атлеты змогуць выступіць на Алімпіядзе, — Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьціГалоўнага трэнэра фрыстайлістаў Казеку не ўзялі на зборы нацыянальнай камандыАляксандра Герасіменя — спартоўцам: «Ня бойцеся!»