Сьвятар будзе адбываць прысуд у Наваполацку.
Ксяндза Барка судзілі за тое, што на сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён разьмясьціў працу мастака Ўладзімера Цэсьлера «Стоп лукашызм».
У сувязі з тым, што на малюнку прысутнічае выява нацысцкай свастыкі, публікацыю малюнка сьвятаром расцанілі як дэманстрацыю нацысцкай сымболікі. Сёньня ў Расонах адбылося другое судовае паседжаньне, на якім вынесьлі прысуд паводле артыкула 17.10 КаАП («Прапаганда і (ці) публічная дэманстрацыя, выраб і (ці) распаўсюд нацысцкай сымболікі ці атрыбутыкі»).
«Я патлумачыў, што я разьмясьціў мастацкі твор славутага мастака Ўладзімера Цэсьлера „Стоп лукашызм“, а не нямецкую свастыку. Я супраць фашызму, камунізму, любога таталітарнага рэжыму. Гэты плякат я разьмясьціў, паказваючы свой пратэст супраць гвалту ў краіне», — патлумачыў сьвятар сваю пазыцыю.
Мастак Уладзімер Цэсьлер абурыўся трактоўкай сьледчым сваёй карціны і выступіў у абарону Вячаслава Барка.
«Я, Цэсьлер Уладзімер Якаўлевіч, сябра Беларускага саюзу мастакоў, габрэй, аўтар працы „Стоп лукашызм“, заяўляю, што выкарыстаны ў маёй працы вобраз мае прамую антыфашысцкую скіраванасьць. Трактоўка гэтай працы ў якасьці прапаганды або дэманстрацыі нацысцкай і фашысцкай сымболікі бязглуздая і абсурдная ў сілу прамой антыфашысцкай сутнасьці гэтай працы».
Сёньня раніцай ксёндз Барок даў інтэрвію Свабодзе пра судовы працэс над ім, перасьлед за пропаведзі ў сваім yotube-канале і просьбы пакінуць Беларусь, на што ён не пагаджаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксёндз Барок, якому прысудзілі 10 дзён арышту: «Каб спыніць мае казані, мяне трэба зьліквідаваць фізычна»